Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэс ЗША ўнесьлі законапраект з санкцыямі супраць Пуціна і міністра абароны Расеі Шойгу 


Амэрыканскія вайскоўцы ў Аўганістане

У Сэнат ЗША ўнесьлі законапраект аб санкцыях супраць расейскіх грамадзян, якія маюць дачыненьне да выплаты ўзнагароды за забойства амэрыканскіх салдатаў у Аўганістане, калі зьявяцца доказы такіх дзеяньняў.

Адным з аб’ектаў санкцый можа стаць прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і ягоныя набліжаныя.

Законапраект у выглядзе папраўкі да штогадовага Акту аб абаронных выдатках унесены сэнатарам-дэмакратам Робэртам Мэнэндэсам.

Пасьля атрыманьня справаздачы амэрыканскай выведкі з пацьвярджэньнем датычнасьці кіраўніцтва Расеі або падначаленых яму службаў да выплаты грошай за атакі на вайскоўцаў зь міжнароднага кантынгенту ў Аўганістане прэзыдэнт ЗША павінен увесьці санкцыі супраць прэзыдэнта Пуціна, міністра абароны Сяргея Шойгу ды іншых расейскіх афіцыйных асобаў.

Прапануецца замарожваньне амэрыканскіх актываў гэтых людзей і арганізацый, забарона на ўезд у Злучаныя Штаты. Аб’ектамі дадатковых санкцый могуць таксама стаць блізкія Ўладзіміру Пуціну алігархі, палітычныя дзеячы і чальцы іх сем’яў.

У заяве сэнатара гаворыцца, што мэта ягонай ініцыятывы — прымусіць Расею расплочвацца за свае дзеяньні. Пакуль невядома, ці атрымае гэты законапраект дастатковую падтрымку заканадаўцаў, але некалькі вядомых чальцоў Кангрэсу ў апошнія дні выступілі з заклікамі ўвесьці санкцыі супраць Крамля, калі пацьвердзяцца паведамленьні пра тое, што Расея аплачвала атакі на амэрыканскіх салдатаў у Аўганістане.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG