Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя санкцыі прыпынілі сэртыфікацыю і экспарт расейскага авіялайнэра МС-21


МС-21-300, архіўнае фота

Сэртыфікацыю, а значыць і пастаўкі, расейскага пасажырскага самалёта МС-21 адклалі да сярэдзіны 2021 году. Эўрапейскую сэртыфікацыю — да сярэдзіны 2022 году. Да гэтага часу самалёт нельга будзе выкарыстоўваць на міжнародных лініях. Раней меркавалася, што ўжо ў пачатку наступнага году самалёт пачне пастаўляцца «Аэрафлоту».

Зрыў тэрмінаў сэртыфікацыі адбыўся праз санкцыі супраць Расеі і каранавірус. Аб зрыве тэрмінаў сэртыфікацыі самалёта паведаміў у інтэрвію газэце «Ведомости» міністар прамысловасьці Дзяніс Мантураў. Ён назваў прычынай пандэмію каранавірусу.

«Падчас пандэміі доступ замежным спэцыялістам у Расею фактычна закрыты. Цяжкім было і перасоўваньне па краіне і расейскіх удзельнікаў каапэрацыі», — сказаў міністар.

Сярэднемагістральны МС-21 — галоўны цывільны праект расейскай авіяпрамысловасьці. Раней яго пастаўкі ўжо пераносіліся на год з прычыны санкцый. Газета «Коммерсантъ» пісала, што праз забарону на продаж кампазытных матэрыялаў у Расею сэрыйная вытворчасьць можа быць адкладзена на пяць гадоў. «Ведомости» пісалі, што санкцыі адклалі і працэс сэртыфікацыі.

На першым этапе на самалёт будуць ставіцца амэрыканскія рухавікі PW1400, пазьней ім плянуецца прапанаваць у якасьці замены пэрспэктыўны расейскі авіяцыйны рухавік ПД-14. Завяршэньне лётных выпрабаваньняў МС-21 з расейскім рухавіком заплянавана на другі квартал 2022 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG