Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом: Трампа не інфармавалі аб падтрымцы талібаў Расеяй


Ілюстрацыйнае фота. Талібы здаюць зброю ў рамках праграмы рэінтэграцыі аўганскага ўраду, Аўганістан, 25 чэрвеня 2020 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс не былі праінфармаваныя аб тым, што тэрарыстычны рух «Талібан» нібыта атрымліваў сродкі ад расейскай ваеннай выведкі за напады на амэрыканскіх вайскоўцаў у Аўганістане, пішуць амэрыканскія СМІ са спасылкай на прэс-службу Белага дома.

Раней пра тое, што талібы нібыта атрымлівалі ад Масквы ўзнагароджаньне за забойства салдат ЗША ў Аўганістане, паведаміла газэта The New York Times са спасылкай на спэцслужбы ЗША.

«Гэта сьведчыць не пра заслугі меркаванай выведкі, а пра недакладнасьць артыкулу ў The New York Times», — гаворыцца ў заяве адміністрацыі Трампа.

Прадстаўнікі Рады нацбясьпекі, Пэнтагону і ЦРУ ад камэнтароў адмовіліся. Прадстаўнікі рэспубліканцаў і дэмакратаў у Кангрэсе ЗША запатрабавалі правесьці праверку дадзеных The New York Times.

Расейскі МЗС назваў інфармацыю газэты фэйкам. Амбасада Расеі ў ЗША паведаміла, што расьсьледаваньне журналістаў прывяло да пагрозаў на адрас дыпляматаў.

«Талібан» дачыненьне Расеі да забойстваў амэрыканскіх вайскоўцаў у Аўганістане адхіліў.

29 лютага ЗША і «Талібан» падпісалі пагадненьне аб перамір’і. Дакумэнт прадугледжвае вывад вайскоўцаў ЗША на працягу 14 месяцаў. У адказ талібы абавязаліся не хаваць на падкантрольных тэрыторыях тэрарыстаў і правесьці перамовы з урадам Аўганістану.

У пачатку сакавіка Вашынгтон пачаў вывядзеньне сваіх вайскоўцаў. Калі талібы не парушаць дамоўленасьцяў, амэрыканскія салдаты пакінуць Аўганістан на працягу 14 месяцаў з дня падпісаньня пагадненьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG