Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога дырэктара Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў затрымалі ў «справе Белгазпрамбанку»


Ілюстрацыйнае фота

У межах «справы Белгазпрамбанку» затрыманы Анатоль Грамовіч — былы дырэктар Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, якога ўжо судзілі ў карупцыйнай справе, але апраўдалі ў 2011 годзе.

Чуткі з ананімных Telegram-каналаў пацьвердзілі Tut.by у прэс-службе Камітэту дзяржаўнага кантролю, але паведамілі толькі, што ён затрыманы ў «справе Белгазпрамбанку». У чым падазраюць Грамовіча, невядома.

Анатоль Грамовіч перайшоў на пасаду кіраўніка ДФР у 2002 годзе з пасады намесьніка начальніка берасьцейскага абласнога ўпраўленьня КДБ. Узначальваў ДФР да лістапада 2006 году, быў затрыманы ў студзені 2009-га. У межах справы, зьвязанай з мытным пунктам «Заходні Буг» і берасьцейскім КДБ, праходзілі 36 чалавек, якіх падазравалі ў кантрабандзе кампутараў і абутку ў 2001 годзе. Шкоду тады ацанілі ў 20 мільярдаў тагачасных рублёў (каля $10 млн на момант пачатку суду). Ды 25 абвінавачаных, у тым ліку Грамовіча, апраўдалі ў 2011 годзе.

У 2012 годзе Грамовіч стаў чальцом рады дырэктараў расейскага «СтарБанку», якому належаў беларускі «ІнтэрПэйБанк». У 2015-м у «ІтнэрПэйБанка» адабралі ліцэнзію на банкаўскую дзейнасьць, акцыянэры ліквідавалі яго.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG