Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржкантроль адказаў, чаму заблякаваў рахункі Ulej.by і MolaMola


Праекты на краўдфандынгавай пляцоўцы «МолаМола»

Сузаснавальнік краўдфандынгавай пляцоўкі Molamola.by Антон Матолька расказаў 7 ліпеня на Facebook, што ўпершыню атрымаў афіцыйны адказ аб прычынах блякаваньня рахункаў кампаніі «Хайв Проджэкт».

Рахункі былі заблякаваныя 11 чэрвеня. Праз гэта часова спыніўся прыём плацяжоў на краўдфандынгавай плятформе Ulej.by і дагэтуль спынены на MolaMola (беларускі сайт цяпер дзейнічае як інфармацыйная пляцоўка, але нядаўна адкрылася поўнафункцыянальная ўкраінская вэрсія).

Паводле Матолькі, Дэпартамэнт фінансавага маніторынгу Камітэту дзяржаўнага кантролю цяпер растлумачыў, што рахункі заблякавалі адпаведна з артыкулам 11 закону «Аб мерах па прадухіленьні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансаваньня распаўсюджваньня зброі масавага паражэньня». Гэты артыкул не канкрэтызуе, за што менавіта зь пералічанага ў назьве закону заблякавалі рахункі — толькі апісвае паўнамоцтвы органа фінансавага маніторынгу.

Такім чынам, па-ранейшаму невядома, за што менавіта заблякавалі рахункі, ці былі незаконнымі нейкія праекты на пляцоўках, ці падазраюць незаконную дзейнасьць, якая ажыцьцяўлялася празь іншыя, «некраўдфандынгавыя» шляхі. Першапачаткова паведамлялася, што рахункі заблякаваў не Дзяржкантроль, а новае кіраўніцтва «Белгазпрамбанку». Сэрвіс быў адключаны ў дзень, калі ў «Белгазпрамбанку» прайшлі ператрусы — пачалі крымінальную справу супраць шэрагу дзейных і былых супрацоўнікаў банку.

Матолька дадае, што праз блякаваньне рахункаў кампанія ня можа разьлічыцца за працу з праграмістамі і падраднікамі, выплаціць заробкі і заплаціць за арэнду офісу. Ён спадзяецца, што арышт з рахункаў неўзабаве здымуць.

Некаторыя праекты на MolaMola былі прыпыненыя, некаторыя ж перанесьлі на іншыя пляцоўкі. Так, кампанія дапамогі мэдыкам #ByCovid19 закрылася — паводле ініцыятара, таму, што зьменшылася ўвага грамадзтва да каранавірусу, а значыць, стала і менш ахвяраваньняў, але і цэны на неабходныя мэдыкам рэчы перасталі быць шалёна завышанымі. А грошы на штрафы за палітычныя справы пачалі зьбіраць на Facebook і праз PayPal — сабралі больш за 100 тысяч даляраў.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG