Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страхавой кампаніі «Кентаўр» разблякавалі рахункі, арыштаваныя ў межах «справы Белгазрамбанку»


Ператрус у галоўным офісе «Белгазпрамбанку», архіўнае фота

Дырэктар страхавой кампаніі «Кентаўр» Сяргей Прохарчык паведаміў Tut.by, што 8 ліпеня рахункі кампаніі былі разблякаваныя, а да самой кампаніі і яе супрацоўнікаў ня маюць прэтэнзіі ні Дзяржкантроль, ні Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, ні Міністэрства фінансаў.

Рахункі кампаніі былі заблякавалі 11 чэрвеня пасьля ператрусаў у «справе Беглазпрамбанку», цалкам іх размарозяць у бліжэйшыя два дні. «Кентаўр» плянуе расплаціцца з кліентамі і супрацоўнікамі, працягнуць працу ў звычайным рэжыме, за два-тры тыдні кампэнсаваць страты за мінулы месяц.

«Вядома, іміджу кампаніі і яе фінансавай часткі нанесены дастаткова сур'ёзны ўдар, але наш калектыў, які праявіў сябе ў гэтай сытуацыі найлепшым чынам, справіцца хутка», — упэўнены Сяргей Прохарчык. У кліентаў і партнэраў ён просіць прабачэньня і абяцае, што кампанія выйдзе на сувязь з кожным і паспрабуе кампэнсаваць шкоду, хоць тая была не па віне кампаніі.

Адвакат Антон Гашынскі, які прадстаўляў інтарэсы «Кентаўра», кажа, што дакумэнты з просьбамі дазволу фінансавых апэрацыяў падавалі штодзень, а кіраўнік кампаніі «грукаў ва ўсе дзьверы», у тым ліку пісаў ліст старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай і прасіў КДБ дапытаць яго як сьведку, а супрацоўнікі кампаніі пісалі калектыўны ліст Аляксандру Лукашэнку.

У межах «справы Белгазпрамбанку» былі замарожаныя ці арыштаваныя рахункі і іншых кампаніяў — «Актыўлізінг», «Кампары» і яшчэ шэрагу, праз справу заблякаваная дзейнасьць краўдфандынгавай пляцоўкі MolaMola.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG