Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК Расеі завяршыў падлік: за папраўкі — 77,92%. Пуцін падзякаваў, Пяскоў назваў вынікі «трыюмфам»


За папраўкі да Канстытуцыі прагаласавалі 77,92% расейцаў, супраць выказаліся 21,27%, паведамілі ў ЦВК Расеі пасьля апрацоўкі 100% пратаколаў. Яўка склала амаль 65%.

«Я хачу зьвярнуцца са словамі падзякі да грамадзянаў Расеі. Хачу сказаць дзякуй вам вялікі за падтрымку і давер», — заявіў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін на наступны дзень пасьля галасаваньня. Прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў назваў трыюмфам вынікі галасаваньня. «Адназначна лічаць трыюмфам. Па сутнасьці, дэ-факта адбыўся трыюмфальны рэфэрэндум аб даверы прэзыдэнту Пуціну», — сказаў ён.

  • Самы высокі працэнт тых, хто прагаласаваў за папраўкі — у Чачні (97,92%), Туве (96,79%) і ў анэксаваным Крыме (90,07%).
  • Самы высокі працэнт тых, хто прагаласаваў супраць — у Ненецкай аўтаномнай акрузе. Там супраць паправак выступілі больш за палову жыхароў (55,25%), за прагаласавалі 43,78% жыхароў.
  • Яўка склала 65%. Самую высокую яўку (больш 90%) прадэманстравалі Чачня (95,1%), Тува (92,8%) і Башкірыя (90,8%).

Кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Эла Памфілава назвала вынікі галасаваньня ў Ненецкай аўтаномнай акрузе доказам «сумленнага падліку» галасоў:

«Мы вынікі галасаваньня не камэнтуем, а толькі фіксуем. Значыць, там так прагаласавалі людзі. Вынікі кажуць пра дакладнасьць падліку галасаваньня», — сказала яна.

У той жа час арганізатары кампаніі «НЕ!», якія выступаюць супраць унясеньня зьменаў у Канстытуцыю Расеі, напярэдадні абвясьцілі дадзеныя экзытполаў, праведзеных імі на выбарчых участках. Па іх дадзеных, у Маскве супраць паправак прагаласавалі амаль 55% апытаных, падтрымалі крыху менш за 45% рэспандэнтаў. У Пецярбургу супраць паправак выказаліся звыш 63% удзельнікаў апытаньня, падтрымалі папраўкі амаль 37% апытаных. У апытаньнях прынялі ўдзел больш за 7 тысяч чалавек.

Па дадзеных экзытполаў дзяржаўнага ВЦІОМа, за папраўкі прагаласавалі 71,2% расейцаў, супраць 28,3%. Прыкладна паўпрацэнта апытаных заявілі, што сапсавалі бюлетэнь.

Датэрміновае галасаваньне па папраўках да Канстытуцыі пачалося 25 чэрвеня і працягвалася тыдзень.

Электроннае галасаваньне праводзілася ў двух рэгіёнах Расеі — Маскве і Ніжагародзкай вобласьці. Агульная яўка на электроннае галасаваньне, па дадзеных ЦВК, па стане на 30 чэрвеня дасягнула 90%.

У ліку паправак — абнуленьне тэрмінаў Уладзіміра Пуціна (папраўка дазволіць яму заставацца ва ўладзе да 2036 году), замацаваньне статусу расейскай мовы як «мовы дзяржаваўтвараючага народу», вызначэньне шлюбу як саюза мужчыны і жанчыны, забарона «фальсыфікацыі гісторыі» і іншыя. Галасаваць за папраўкі можна толькі пакетам: за або супраць усіх.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG