Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніхто не пытае пра COVID, усім і так зразумела, што гэта ён». Як цяпер хварэюць і лекуюцца з COVID-19


Ілюстрацыйнае фота. Мэдыкі ў ахоўных касьцюмах разглядаюць рэнтген лёгкіх пацыента
Ілюстрацыйнае фота. Мэдыкі ў ахоўных касьцюмах разглядаюць рэнтген лёгкіх пацыента

Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што каранавірус у Беларусі адступае. Некаторыя лякарні вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы. На менскіх вуліцах людзей у масках усё менш, дый хвароба, якая ахапіла цэлы сьвет, быццам бы перастала так моцна хваляваць беларусаў.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Свабода запыталася ў беларусаў, якія захварэлі ці маюць падазрэньні на COVID-19, пра тое, як працякае іх хвароба і лячэньне.

«Прыйшла доктарка проста ў масцы»

З доктаркай Дар’яй Чэхавай Свабода размаўляла на пачатку пандэміі ў Беларусі. 30 чэрвеня Дар’я напісала ў твітэр, што 10 клінічны шпіталь Менску, дзе яна працуе, вяртаецца да звычайнага рэжыму працы.

«Клініка завяршыла прыём пацыентаў з COVID-19. На тыдні мы выпісваем тых, хто далечваецца, затым пачынаем працу ў звычайным рэжыме. І хоць самае складанае наперадзе, я лічу гэтую перадышку маленькай перамогай», — напісала Чэхава.

У камэнтарах да твіта яна дадае, што ўсё адно будзе насіць рэсьпіратар і акуляры: «Бо ніколі ня ведаеш, якога пацыента табе прывязуць».

Мянчук Павал расказвае, што некалькі тыдняў у яго трымалася тэмпэратура 37. Хлопец выклікаў доктара дахаты, той прызначыў лекі і сказаў, што рабіць, калі сытуацыя зьменіцца.

«Пазаўчора з раніцы рэзка паднялася да 38,2. Пайшоў рабіць здымак — ён чысты. Доктар, які мяне адразу прыняў як тэмпэратурнага, мае словы перайначваў. Памераў тэмпэратуру бескантактавым градусьнікам — 36,4. Сказаў, што бывае такое, здымак чысты, ідзіце дадому і сачыце за сваім станам тры дні. Сказаў, каб зьвяртаўся, калі што, і прапісаў аналіз крыві».

Хлопец кажа, што дома зноў памераў тэмпэратуру, градусьнік паказаў 38,3, а да вечара зрабілася яшчэ вышэй. У хуткай Паўлу сказалі выклікаць доктара на дом.

«Прыйшла доктарка проста ў масцы. Выпісала бальнічны, аналізы. Калі прыйшла доктарка з прыватнага мэдцэнтру, — паралельна выклікаў — то лекарка з паліклінікі запыталася, навошта столькі дактароў выклікаю. Сказала, што мне ўсё лепш раскажуць, і пайшла, нават не паслухаўшы дыханьне».

Потым доктар з паліклінікі, да якога Павал хадзіў сам, паведаміў, што аналіз крыві ў яго ня самы лепшы. Увечары хлопец зрабіў КТ, якое паказала, што лёгкія ўсё-ткі чыстыя.

«З доктарам з прыватнага цэнтру размаўлялі наконт каранавірусу. Сказала, што гаворкі пра плюс 320 чалавек могуць быць актуальныя для аднаго раёну Менску, але ніяк не для ўсёй краіны. І ліцэнзію на тэсты ім не даюць спэцыяльна, хоць яны ня раз зьвярталіся. Іначай будзе цяжка хаваць рэальныя паказчыкі па краіне».

Павал званіў у тры бальніцы, каб запісацца на тэст.

«Гадзіны тры тэлефанаваў. Толькі ў адной паднялі слухаўку і сказалі, што тэстаў на дадзены момант няма, скончыліся».

«Тэстаў на каранавірус не рабілі»

Іншая сытуацыя склалася ў Аляксандра Краўчэні. Ён трэці дзень ляжыць у Баранавіцкім гарадзкім шпіталі № 2.

«Дагэтуль тыдзень хварэў дома, было падобна што ў мяне COVID — тэмпэратура да 39, млявасьць, балелі рукі і ногі, скура. Рэнтген нічога не паказаў, але на КТ двухбаковая пнэўманія. Стала зразумела, што трэба класьціся ў шпіталь».

Тэстаў, кажа ён, не рабілі: «Лекаваньне выключна ад пнэўманіі. Хоць, магчыма, даюць нешта супрацьвіруснае».

Паводле Аляксандра, мэдыкі працуюць у касьцюмах і шчытках, а пераважная большасьць пацыентаў — старыя.

«Стаўленьне мэдыкаў добрае, ніхто не пытае пра COVID, усім і так зразумела, што гэта ён», — кажа суразмоўца.

«Сказалі сядзець дома»

Малады чалавек Тацяны зрабіў тэст на каранавірус платна ў паліклініцы № 22. У той жа дзень яму патэлефанавалі і сказалі здаць паўторна ў паліклініцы па месцы жыхарства, бо тэст аказаўся станоўчы.

«Ён пазваніў туды. Сказалі сядзець дома, што да нас прыедуць зь лябараторыі, каб узяць кроў на паўторны тэст. Прыехалі ў нядзелю, і ўвечары ўжо было вядома, што COVID пацьверджаны. У панядзелак прыехалі лекары, паглядзелі майго хлопца — каранавірус у яго праходзіць бессымптомна. У мяне ўзялі мазок і выдалі нам бальнічныя лісты. У выпадку зьяўленьня сымптомаў трэба тэлефанаваць доктару ці выклікаць хуткую. Таксама мы падпісалі паперу аб самаізаляцыі».

Тэст самой Тацяны аказаўся адмоўны. Пакуль што яна і хлопец на бальнічным. Пэрыядычна ім тэлефануюць лекары, каб запытацца пра самаадчуваньне. На гэтым тыдні пара зноў чакае супрацоўнікаў лябараторыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG