Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Гомля дамогся, каб прычынай сьмерці бацькі напісалі пнэўманію і каранавірус, а не анкалёгію


Яўген Якавенка
Яўген Якавенка

Жыхар Гомля Яўген Якавенка 23 траўня страціў бацьку. 68-гадовы жыхар абласнога цэнтру заразіўся COVID-19 у анкалягічным шпіталі. Празь месяц ягоны сын дабіўся, каб каранавірус зафіксавалі як асноўную прычыну сьмерці.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Яго тры тыдні лячылі ад каранавірусу ў розных шпіталях. Але прычынай сьмерці напісалі анкалёгію. Я не пагадзіўся з гэтым», — сказаў Свабодзе Яўген. Ён упэўнены: каб не каранавірус — бацька быў бы жывы.

Заразіўся падчас плянавага лекаваньня

Яўген Якавенка-старэйшы трапіў у анкалягічны шпіталь на плянавае лекаваньне. Там заразіўся каранавірусам.

«Нам увесь час, пакуль тата быў у шпіталі, практычна не давалі інфармацыі пра ягоны стан, лекаваньне. Даводзілася патрабаваць, хадзіць да начмэда, галоўнага лекара... 23 траўня таты ня стала, ён толькі паўгадзіны прабыў на ШВЛ», — кажа Яўген.

«Начмэд настойліва прапаноўваў не рабіць ускрыцьця. Казаў, што „ў ягоным выпадку гэта не абавязкова“. Мусіць, для ўсіх відавочна — чалавек памёр ад анкалёгіі. Але з анкалёгіяй ён жыў бы гады, можа — месяцы, але ня тры тыдні! Каранавірус яго дабіў. У даведцы напісалі прычыну сьмерці — утварэньне ў лёгкім. На другой старонцы даведкі, сярод іншых акалічнасьцяў сьмерці, не зьвязаных з прычынай сьмерці, напісаны COVID-19. То бок гэта такія спадарожныя абставіны, якія не ідуць у прычыну сьмерці. Я абурыўся», — патлумачыў жыхар Гомля.

«Навошта мне было намагацца? Хацелася справядлівасьці»

Яўген Якавенка-малодшы дабіўся ўскрыцьця і таго, каб даведка аб сьмерці стала папярэдняй, а не канчатковай. Месяц Яўген чакаў вынікаў дадатковых аналізаў, якія рабілі ў Менску.

30 чэрвеня ён атрымаў новую, канчатковую даведку аб сьмерці бацькі. Там напісана ўжо не «ўтварэньне ў лёгкіх», то бок анкалёгія, а «сындром рэсьпіраторнага разладу», «вірусная пнэўманія», «каранавірус».

Папярэдняе заключэньне
Папярэдняе заключэньне
Новае заключэньне
Новае заключэньне

«Навошта мне было намагацца? Хацелася справядлівасьці. І раз татку не ўдалося ўратаваць, то трэба хаця б прызнаць, што ён памёр ад каранавірусу — каб папярэдзіць іншых людзей, што ўсё сур’ёзна і гэта вельмі страшная хвароба», — кажа Яўген.

У яго засталася моцная крыўда, калі на ўсіх этапах лекаваньня бацькі быў брак інфармацыі, лекары не хацелі казаць, што адбываецца.

«Складаецца ўражаньне, што вакол каранавірусу ствараюць такую адмысловую завесу, каб людзі не баяліся належным чынам, не засьцерагаліся», — лічыць жыхар Гомля.

Калі чалавек памёр ад каранавірусу і пнэўманіі, а яму пішуць, што ад анкалёгіі, то, на думку Яўгена, гэта зьдзек.

«І спосаб прыхаваць статыстыку. А статыстыка, лічбы ў нашай краіне — галоўная сфэра, пра якую пільна дбаюць, прыкладаюць намаганьні, каб лічбы былі „патрэбныя“. Цяпер я ведаю, што 23 траўня як мінімум на аднаго чалавека больш памерла ад каранавірусу, чым па афіцыйнай статыстыцы. Бо мой тата ў тую статыстыку ня трапіў — тады. І ня думаю, што ён адзін», — дадаў Яўген.

Ён лічыць, што многія людзі ў час бяды — сьмерці блізкага чалавека проста «плывуць за вадою» — пагаджаюцца на любыя даведкі аб прычыне сьмерці, не настойваюць на ўскрыцьці.

«Ня кожны пагодзіцца на ўскрыцьцё, каб яшчэ пасьля сьмерці турбавалі блізкага чалавека. Але гэта адзіны, бадай, спосаб дабіцца праўды.

Мне дабіцца гэтай даведкі каштавала безьліч нэрваў і намаганьняў. Каб я не праяўляў рашучасьць — наўрад ці яно ўсё б атрымалася само сабой — маю на ўвазе праўдзівую даведку аб прычыне сьмерці таты», — кажа Яўген Якавенка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG