Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сам ты небарака


Ёсьць прапісная ісьціна: часам лепш маўчаць, чым гаварыць. Што тычыцца Аляксандра Лукашэнкі, дык яму, здаецца, варта напісаць гэтыя словы на столі над ложкам. Каб дзень пачынаўся з правільнай устаноўкі.

Але ён відавочна абапіраецца на іншыя ідэі, і таму спачатку заяўляе, што Канстытуцыя ў Беларусі «не пад жанчыну», а потым — «што ў нас Канстытуцыя такая, што нават мужыку цяжка несьці гэтую ношу. А калі яе загрузіць на жанчыну, яна зваліцца, небарака».

Гэта ў любым кантэксьце гучала б абразьліва, а ў пэрыяд перадвыбарчай кампаніі, у якой жанчыны праяўляюць неймаверную сьмеласьць і рашучасьць, гэта ўвогуле ці то садысцкі зьдзек, ці то праява таго, што прэзыдэнт зусім губляе сувязь з рэальнасьцю.

Прапаную прайсьціся па фактах. Кандыдатка ў кандыдаткі Сьвятлана Ціханоўская, ня маючы аніякага палітычнага досьведу, вырашыла балятавацца замест мужа, калі яго арыштавалі. І калі ёй сталі пагражаць, што адбяруць дзяцей, яна не спынілася, а працягнула кампанію па зборы подпісаў. Жонка кандыдата ў кандыдаты Вераніка Цапкала публічна падтрымлівае Сьвятлану Ціханоўскую ў сувязі з пагрозамі і Віктара Бабарыку ў сувязі з арыштам. Віялеце з Гомелю, якая падтрымлівае Сьвятлану Ціханоўскую, пагражалі, што згвалцяць усім аддзяленьнем міліцыі. Гарадзенцы Віталіі Навумік, мужа якой затрымалі на сустрэчы зь Сяргеем Ціханоўскім, фактычна пагражаюць адабраць дзіця.

Усе гэтыя жанчыны праявілі і працягваюць праяўляць неверагодную сьмеласьць і пераадольваюць свае цалкам апраўданыя страхі. Ніводная зь іх не звалілася, і дакладна ніводную зь іх нельга назваць небаракай.

Сам факт непавагі да жанчын з боку Лукашэнкі ня стаў сюрпрызам. Але ён ня бачыць, што адзіны псыхалягічна слабы чалавек у цяперашняй сытуацыі — гэта ён сам. Гэта ён не гатовы да рэальнай палітычнай барацьбы, і гэта дзеля яго абароны на вуліцы вывозяць аўтазакі і выпускаюць безьліч байцоў у форме і ў цывільным. Гэта для сустрэчы зь ім на прадпрыемствах не запрашаюць рэальных працоўных, а прыводзяць пераапранутых клоўнаў, гатовых задаваць правільныя пытаньні.

У ягоным арсэнале войска, міліцыя, зброя і ледзь не бязьмежная ўлада. А што ёсьць у жанчын, якія так ці інакш яму супрацьстаяць? У іх ёсьць сьмеласьць, сьмеласьць і яшчэ раз сьмеласьць. Яны ня тое што пад цяжарам Канстытуцыі ня падаюць... яны працягваюць ісьці нават тады, калі ім пагражаюць адборам дзяцей і згвалтаваньнем. І іншыя жанчыны выказваюць ім сваю падтрымку і ўсяляк салідарызуюцца, хоць добра разумеюць, што могуць стаць наступнымі.

Гэта ўвогуле мярзотна гучыць, калі багаты мужчына зь вялізнай уладай і магчымасьцямі разважае пра нейкую слабасьць жанчын. Гэта жанчыны амаль заўжды бяруць на сябе выхаваньне дзяцей пасьля разводу, і гэта жанчыны пасьля звычайнай працы вяртаюцца дадому і маюць там другую і трэцюю зьмену — займаюцца домам і дзецьмі. Гэта ў жанчын на працоўных сумоўях пытаюцца, ці ёсьць у іх дзеці, і хто будзе зь імі сядзець падчас хваробы. Гэта жанчынам даводзіцца дадаткова паказваць, што яны вартыя сур’ёзнага ўспрыманьня ў прафэсійнай, сацыяльнай і палітычнай сфэрах.

А такія людзі, як Аляксандр Лукашэнка, маючы безьліч рэсурсаў і ня маючы сумленьня, свабодна заяўляюць, што жанчына ня зможа кіраваць краінай. І падкрэсьліваюць, што ніякай непавагі ў гэтых словах няма, а ёсьць цеплыня і клопат. Але дзякуй, ня трэба нам такога шчасьця.

Пра нас увесь час так «клапоцяцца» — то адмаўляюцца прыбіраць сьпіс забароненых для жанчын прафэсій, то робяць дзяўчатам перашкоды для паступленьня на адпаведныя спэцыяльнасьці, то ўскладняюць і абмяжоўваюць доступ да абортаў, то адмаўляюцца ад сэксуальнай асьветы ў школе. Усё гэта — розныя праявы адной і той жа сыстэмы, наступствы адзінага падыходу.

Але гэта ўсё нас не спыняе. Бо небаракі — гэта ня мы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG