Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за паўтара года акцыяў на плошчы з жыхарамі Сьветлагорску пагутарыла кіраўніцтва «сьмярдзючага» заводу


Кіраўнік завода беленай целюлёзы Юры Крук сустрэўся з жыхарамі Светлагорска, 21 чэрвеня

21 чэрвеня ў Сьветлагорску быў Аляксандр Лукашэнка: адкрыў рух электрычак на Менск, наведаў мэмарыял у вёсцы Ала. Тым часам на плошчы каля райвыканкаму праходзіла чарговая акцыя супраць «сьмярдзючага» заводу. Яе ўдзельнікі нарэшце сустрэлі дырэктара заводу і здолелі пагутарыць зь ім.

Актыўныя жыхары Сьветлагорску са студзеня 2019 году выходзяць на плошчу для «кармленьня галубоў» — такая ў іх форма пратэсту супраць смуроду, які ідзе ад кітайскага заводу беленай цэлюлёзы. Ніводнага разу да людзей не выходзіла кіраўніцтва райвыканкаму ці цэлюлёзна-кардоннага камбінату, які пабудаваў «сьмярдзючы» завод.

«Сёньня пасьля візыту Лукашэнкі нашы чыноўнікі выгружаліся з аўтобусаў на плошчы, і мы заўважылі дырэктара ЦКК Юрыя Крука. Нарэшце людзям удалося задаць яму свае пытаньні. Дакладней — адно: калі перастане сьмярдзець завод?», — расказала Свабодзе праваабаронца Алена Масьлюкова.

Крук адказаў людзям, што з заводам усё ў парадку, ён спраўна працуе, сьмярдзючыя газы ўтылізуюць, праблем няма.

«Ён падкрэсьліў, што сёньня ж не сьмярдзіць у горадзе? Сёньня — не, бо тут жа Лукашэнка! А тое, што з першага чэрвеня ў горадзе стаіць смурод — гэта ня лічыцца. Абяцалі нам і тое, што смуроду ня будзе, і што будзе працаваць лябараторыя, якая будзе фіксаваць газы мэтыльмэркаптаны — ды нічога не зрабілі», — дадала праваабаронца.

Адказы дырэктара ЦКК на пытаньні жыхароў Сьветлагорску яна назвала «цынічнымі». Бо людзі як цярпелі ад смуроду — так і цярпяць. Як скардзіліся ва ўсе інстанцыі — так і скардзяцца.

«Толькі выніку ніякага няма, апроч пратаколаў на людзей за несанкцыянаваныя масавыя сходы», — падкрэсьліла Алена Масьлюкова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG