Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх чыноўнікаў, магчыма, пашлюць папрацаваць у Эўразьвяз: Эўропа прыдумала, як дапамагаць краінам «Ўсходняга партнэрства»


Эўрапарлямэнт 19 чэрвеня ўхваліў рэкамэндацыі наконт дапамогі шасьці краінам-удзельніцам праграмы «Ўсходняга партнэрства» на пэрыяд 2021–2027 гг. За прыняцьце рэкамэндацый прагаласавалі 507 эўрадэпутатаў, супраць — 119, устрымаліся — 37.

Рэкамэндацыі адрасуюцца Радзе ЭЗ, Эўрапейскай камісіі і Высокаму прадстаўніку ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі, якія вызначаюць і ажыцьцяўляюць палітыку Брусэлю адносна шасьці краін праграмы «Ўсходняга партнэрства»: Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

Праект рэкамэндацый быў падрыхтаваны для абмеркаваньня на сёлетнім саміце «Ўсходняга партнэрства», які, аднак, з прычыны пандэміі COVID-19 не адбыўся. Замест саміту Брусэль 18 чэрвеня правёў відэаканфэрэнцыю з удзелам кіраўнікоў Эўразьвязу і краін «Усходняга партнэрства». Беларусь на гэтым «дыстанцыйным саміце» прадстаўляў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка. Пасьля відэаканфэрэнцыі прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў, што чарговы саміт «Усходняга партнэрства» адбудзецца ў сакавіку 2021 году.

Сьпіс рэкамэндацый, як разьвіваць супрацоўніцтва Эўразьвязу з краінамі «Ўсходняга партнэрства», займае каля 15 старонак. Прапануем выбраныя рэкамэндацыі, якія тычацца падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнага выбарчага працэсу і адукацыі ў краінах «Усходняга партнэрства».

Прыняты дакумэнт выразна адзначае, што хоць праграма «Ўсходняга партнэрства», распачатая ў 2009 годзе, не прадбачвае далучэньня да Эўразьвязу для яе шасьці ўдзельнікаў, але яна «можа аблягчыць працэс паступовай інтэграцыі з Эўразьвязам».

У прыватнасьці, Эўрапарлямэнт парэкамэндаваў дырэктыўным органам і кіраўнікам Эўразьвязу:

  • Захоўваць «збалянсаваны падыход» да ўсіх краін «Усходняга партнэрства» і пазьбягаць «расколу па лініі амбіцый адносна ўступленьня ў ЭЗ», нягледзячы на тое, што некаторыя з краін прасунуліся далей у выкананьні праграмы, чым іншыя (Грузія, Малдова і Ўкраіна падпісалі з Эўразьвязам пагадненьні аб асацыяцыі).
  • Аказаць краінам «Усходняга партнэрства» большую фінансавую дапамогу ў рамках бюджэту ЭЗ на пэрыяд 2021–2027, які цяпер на стадыі абмеркаваньня.
  • Дапамагчы правядзеньню выбарчых рэформаў з мэтай забесьпячэньня свабодных, справядлівых, канкурэнтных і празрыстых выбараў.
  • Забясьпечыць рэгулярныя эўрапейскія місіі назіраньня за выбарамі ў краіны «Ўсходняга партнэрства», каб падтрымаць працэс умацаваньня інстытутаў, выбарчых працэсаў і дэмакратычнай падсправаздачнасьці.
  • Забясьпечыць, каб існуючыя і новыя ядзерныя ўстаноўкі ў краінах «Усходняга партнэрства» адпавядалі самым высокім стандартам экалягічнай і ядзернай бясьпекі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі канвэнцыямі; гарантаваць, што небясьпечныя энэргетычныя праекты, такія як Астравецкая АЭС, ня стануць часткай эўрапейскай электрасеткі.
  • Узмацніць мабільнасьць працоўнай сілы паміж краінамі ЭЗ і «Ўсходняга партнэрства», з моцным акцэнтам на законнасьць і ўстойлівасьць працэсу, які дазваляе абмяняцца навыкамі і досьведам, пазьбягаючы ўцёкаў мазгоў і недахопу мясцовай працоўнай сілы.
  • Падтрымаць адукацыйныя рэформы ў тых краінах «Усходняга партнэрства», якія іх жадаюць; пашырыць фінансаваньне і ўдзел краін «Усходняга партнэрства» ў адукацыйных і прафэсійных праграмах абмену, такіх як Erasmus + і Creative Europe.
  • Умацаваць акадэмічнае і адукацыйнае супрацоўніцтва паміж краінамі ЭЗ і «Ўсходняга партнэрства».
  • Стварыць Унівэрсытэт «Усходняга партнэрства» ва Ўкраіне.
  • Пачаць пілётны праект, накіраваны на стварэньне Адкрытага навуковага і інавацыйнага цэнтру «Ўсходняга партнэрства» і сеткі тэматычных цэнтраў, разьмешчаных у кожнай краіне «Ўсходняга партнэрства», для аказаньня падтрымкі і паслуг у галіне навукова-дасьледчай працы.
  • Працягваць шырокі дыялёг з удзельнікамі грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» і павышаць падтрымку дзейнасьці дэмакратычна арыентаваных арганізацый грамадзянскай супольнасьці.
  • Працягваць аказваць структурную і фінансавую падтрымку іншым арганізацыям, якія дапамагаюць незалежным прадэмакратычным актывістам грамадзянскай супольнасьці.
  • Падтрымаць свабодныя СМІ і пашыраць свабоду слова ў якасьці асноўнага прынцыпу, а таму падтрымліваць дэмакратычны, незалежны, плюралістычны і збалянсаваны мэдыйны ляндшафт у краінах «Усходняга партнэрства».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG