Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Ўкраіны знайшлі патокі забароненай расейскай прадукцыі зь Беларусі і краін Балтыі


Ілюстрацыйнае фота

Украіна лічыць Расею краінай-агрэсаркай і ўвяла санкцыі да яе кампаніяў, але тыя шукаюць магчымасьці трапіць на рынак праз трэція дзяржавы.

Міністэрства разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны прааналізуе гандаль зь Беларусьсю і краінамі Балтыі, каб спыніць увоз на ўкраінскую тэрыторыю прадукцыі расейскіх кампаніяў, супраць якіх дзейнічаюць санкцыі.

«Нам пастаўляюць сюды праз так званыя трэція краіны —- і Беларусь, і Балтыю, і іншыя краіны — купу прадукцыі нават тых кампаніяў, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Такога быць не павінна. Мы праводзім аналіз, ён не такі просты, але лічбы паказваюць —- мы працягваем ня тое што гандляваць, а імпартаваць з краіны-агрэсаркі. Гэта не зусім правільна», — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі міністар разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ігар Пятрашка.

Міністар таксама зьвярнуў увагу, што ў замежным гандлі Ўкраіна мае адмоўнае сальда, 70% якога фармуе гандаль зь Беларусьсю, Казахстанам і Расеяй.

«Трэба разумець, што з гэтым рабіць, бо там ня толькі сыравіна». У той жа час Ігар Пятрашка не ўдакладніў, якая расейская прадукцыя пастаўляецца менавіта празь Беларусь.

Адным з магчымых шляхоў зьмяншэньня паставак расейскай прадукцыі ён назваў стварэньне дзяржаўнай праграмы імпартазамяшчэньня.

Паводле афіцыйнай статыстыкі Ўкраіны, у студзені—красавіку аб’ём украінскіх паставак у Беларусь скараціўся ў параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам на 6,1%, да 453,5 мільёна даляраў, а беларускіх паставак ва Ўкраіну -— на 20,1%, да 836,9 мільёна даляраў.

Украіна экспартавала ў Расею прадукцыі на 889,2 мільёна даляраў (на 13,9% менш, чым летась у студзені—красавіку), і імпартавала з Расеі на 1,564 мільярд даляраў (менш на 37,8%).

Што пастаўлялі празь Беларусь

Найбольш гучнымі ў часе ўкраінска-расейскага канфлікту сталі пастаўкі празь Беларусь ва Ўкраіну вугалю з Расеі і акупаванага Данбасу. Як высьветлілася ў часе расьсьледаваньня Радыё Свабода, вугаль не фігураваў ва ўкраінскай статыстыцы гандлю зь Беларусьсю, а фіксаваўся як расейскі — паводле краіны паходжаньня прадукцыі.

Беларусь жа ўключала гэтыя пастаўкі ў сваю гандлёвую статыстыку з Украінай. Цяпер Служба бясьпекі Ўкраіны расьсьледуе прынамсі дзьве крымінальныя справы, зьвязаныя з пастаўкамі беларускімі кампаніямі вугалю з акупаванага Данбасу.

Летась Украіна зафіксавала найбольшы за ўсю гісторыю гандлёвых дачыненьняў аб’ём пастаўкі бульбы зь Беларусі. У Кіеве падазравалі, што гэта рээкспарт з Расеі.

У 2019 годзе Беларусь выйшла на першае месца ў аб’емах пастаўкі ва Ўкраіну анчоўсаў. Апроч Беларусі, аналягічную прадукцыю ва Ўкраіну пастаўляла толькі Гішпанія. Анчоўсы пастаўлялі на ўкраінскі рынак пад кодам 305630000, то бок прадукцыі, вырабленай з марской рыбы сямейства анчоўсавых Engraulis, якую не вырошчваюць у штучных умовах. Ідзецца ўжо пра гатовую прадукцыю — сушаную, адвараную ці засоленую.

Украінскія санкцыі супраць Расеі

Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і пачатку вайны на Данбасе ў 2014 годзе краіны Эўропы і ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць расейскіх кампаніяў і фізычных асобаў, датычных да агрэсіўных дзеяньняў супраць Украіны. Кіеў уключыўся ў санкцыйную вайну ў канцы 2015-га.

Ад таго часу ўкраінскі ўрад паступова пашыраў пералік гандлёвых абмежаваньняў, у тым ліку і праз антыдэмпінгавыя расьсьледаваньні. У траўні 2019-га забаранілі пастаўкі расейскага цэмэнту і драўняных вырабаў, а з 1 жніўня ўвялі адмысловае мыта на ўсе віды прадукцыі расейскага паходжаньня. Выключэньні толькі для вугалю, коксу, бэнзіну, звадкаванага газу і фармацэўтычнай прадукцыі. На іншыя тавары забарона ў гандлі афіцыйна ня ўводзілася. Але кампаніі абавязаныя абмежаваць супрацу з Расеяй.

Крытычную для Ўкраіны прадукцыю з свайго боку абмежавала і Расея — з 1 чэрвеня 2019 году спынілася пастаўка сырой нафты і зьмянілася сыстэма экспарту нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак. Каб пастаўляць дызэльнае паліва і бэнзін, трэба атрымаць спэцыяльны дазвол Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі.

Пад санкцыі трапілі і два беларускія прадпрыемствы — менскае ААТ «Мир пива» (яно гандлявала з самаабвешчанаю ДНР праз Растоў і фігуруе ў крымінальнай справе, адкрытай супраць аўтара адпаведнай схемы гандлю, грамадзяніна Ўкраіны) і Мазырскі сьпіртагарэлачны завод. Украінскім прадпрыемствам забаронена мець зь імі гандлёвыя апэрацыі як мінімум да траўня 2021 году.

Ліквідаваць шэрыя схемы складана

Ад моманту ўвядзеньня санкцыяў экспэрты прагназавалі, што пэўны час пасьля забаронаў украінская прадукцыя будзе прадстаўленая на расейскім рынку, а расейская — на ўкраінскім, хоць і ў значна меншым аб’ёме. Бо бізнэсоўцам прасьцей знайсьці абыходны шлях, чым шукаць новыя рынкі. Адзін з такіх шляхоў — «ачышчаць» паходжаньне сваёй прадукцыі на тэрыторыі Беларусі, якая стала фактычна буфэрнаю зонаю паміж Расеяй, Украінай і Эўрапейскім Зьвязам.

Дырэктар Інстытуту эканамічных дасьледаваньняў і палітычных кансультацыяў Ігар Буракоўскі ў інтэрвію Свабодзе сьцьвярджаў, што ліквідацыя шэрых схемаў — пытаньне найперш да мытных органаў, якія павінны адсочваць таварныя патокі:

«Таму трэба інтэнсыфікаваць супрацу і на палітычным узроўні, найперш каб дзяржава, прадпрымальнікі якой выкарыстоўваюць адпаведныя магчымасьці, таксама кантралявала адпаведныя патокі. Гэта тэма асобнай і вельмі няпростай прафэсійнай, эканамічнай і юрыдычнай размовы».

Паводле яго, праблему шэрых схемаў магчыма вырашыць толькі ў выпадку больш аб’ёмных санкцыяў, аналягічных тым, што ўводзіліся супраць Іраку ды Ірану. На сёньня такіх санкцый няма, таму наяўнасьць гэтых схемаў — частка гібрыднай супрацы Ўкраіны з Расеяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG