Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прывітаньне зь віцебскай турмы. І ад Гэмінгуэя


Паштоўка ад Алеся Юркойця
Паштоўка ад Алеся Юркойця

На пошце атрымаў адначасна сьвежы нумар часопісу The New Yorker за 15 чэрвеня і паштоўку з калёніі «Віцьба» ад Алеся Юркойця, героя кнігі Сяргея Дубаўца «Тантамарэскі».

У часопісе — сэнсацыя, невядомы тэкст Гэмінгуэя. У паштоўцы Алесь цытуе свой улюбёны верш Караткевіча, які сьпявае Лявон Вольскі:

«Гіене — баяцца, сабаку — вішчаць,
Сьвіньні — рыцца ў гноі сваім,
А льву патрэбны калючы гушчар,
Родны край і свабода ў ім.
П’ю за тое, каб нам сярод родных лясоў
Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць,
Бо ўсе мы тут не з гіен і ня з псоў,
Бо мы — сапраўднай крыві»

Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

Алесь так адказаў на мой папярэдні допіс пра новы альбом сьпевака «Амэрыка», дзе Юркойцю прысьвечана песьня «Палон».

Лявон Вольскі прэзэнтаваў песьню пра асуджанага краязнаўца Алеся Юркойця. ВІДЭА

Ня ведаю, што больш уразіла ў гэты дзень: гэты спакойны і моцны допіс зь іншага сьвету, па той бок справядлівасьці, дзе хвалі часу быццам бясплённа б’юць у берагі, ці хваля часу, якая празь сем дзесяцігодзьдзяў, цэлае чалавечае жыцьцё, вынесла на старонкі часопісу новае, ніколі не публікаванае апавяданьне Гэмінгуэя.

«У той год мы плянавалі лавіць марліна ля берагоў Кубы на працягу месяца», — аднаго першага сказу дастаткова, каб пазнаць інтанацыю і адчуць драму, у якой сутыкнуцца чалавек і незалежныя ад яго акалічнасьці.

Тантамарэскі. Гісторыя аднаго працэсу. Кніга Сяргея Дубаўца

Сюжэт — фактычна «Стары і мора», толькі стары ў апавяданьні сам Гэмінгуэй, аповед ад першай асобы, і гэта ён у моры 4 гадзіны 22 хвіліны змагаецца з гіганцкім паласатым марлінам, пакуль кубінец-памочнік выпадкова не пераразае лесу. Ёсьць там і пра пісьменьніцкае рамяство — аўтар якраз піша «Старога і мора» ад усходу сонца да позьняга ранку, калі яны выпраўляюцца на штодзённы лоў. Ёсьць там і пра рэцэптуру дайкіры, і пра сьмярдоту рэжыму Батысты перад падзеньнем, але перш за ўсё — пра пустату, у якой трэба застацца чалавекам.

Паштоўка ад Алеся Юркойця
Паштоўка ад Алеся Юркойця

Альбом Лявона Вольскага «Амэрыка»

Называецца зьмешчанае на 6 часопісных старонках апавяданьне «Pursuit as Happiness» «Пагоня як шчасьце» (так прапанаваў перакласьці мой калега Аляксей Знаткевіч, гэта адсылка да радка з Канстытуцыі ЗША, якая гарантуе «pursuite of happiness» — пошук ці здабыча шчасьця. Ну, а для беларусаў і «Пагоня» ўспамінаецца). Для Алеся такая пагоня — усё яго жыцьцё, ад асьветніцтва на Астравеччыне да стойкасьці ў няволі.

І нават у выбару верша на паштоўцы, якая называецца так проста і так патрабавальна: «Паштоўка зь Беларусі». Варта будзе публікацыі і празь семдзесят гадоў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG