Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Венядзіктаў лічыць, што Пуцін ня зьмірыцца з «захопам „Белгазпрамбанку“»


Аляксей Венядзіктаў і Ўладзімер Пуцін

Галоўны рэдактар расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў лічыць, што Ўладзімір Пуцін ня зьмірыцца з «захопам „Белгазпрамбанку“» ўладамі Беларусі.

Пра гэта Венядзіктаў заявіў падчас эфіру перадачы «Будзем назіраць», адказваючы на пытаньні слухачоў.

«У маім уяўленьні адбываецца наступнае. Прэзыдэнт Лукашэнка, які ад студзеня знаходзіцца ў складаным і жорсткім супрацьстаяньні з прэзыдэнтам Пуціным, Расеяй, ад якога спрабавалі дамагчыся, каб Беларусь вызначылася наконт адносінаў з Расеяй, каб нам не патрэбныя былі папраўкі ў Канстытуцыю, ён лічыць, што праз «Газпром», «Газпромбанк» фінансуе гэтага апазыцыянэра (Віктара Бабарыку. — РС). То бок замежнае фінансаваньне. Тут Пуцін сутыкнуўся з чалавекам, які думае гэтаксама, як ён».

Венядзіктаў назваў гэты канфлікт спрэчкай двух гаспадарчых суб’ектаў.

«Два чалавекі з аднолькавым поглядам на ўладкаваньне сьвету. Адказ такі самы, які быў наконт «Юкоса». Пуцін лічыў, што «Юкос» спрабуе забраць у яго ўладу, фінансаваць яго супернікаў. Арышты, зьмена кіраўніцтва, тое самае, што было ў НТВ. Лукашэнка дзейнічае гэтаксама, як дзейнічаў Уладзімір Уладзіміравіч».

На пытаньне, ці зьмірыцца Пуцін з захопам «Белгазпрамбанку», Венядзіктаў адказаў:

«Не».

Ператрусы ў «Белгазпрамбанку» і іншых кампаніях

11 чэрвеня ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Ператрус таксама праходзіў у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».

У якасьці падазраваных праходзяць прадстаўнікі камэрцыйных структураў, былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сыстэмы. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, па справе затрыманыя прыкладна 15 чалавек.

Як адзначылі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, Віктар Бабарыка ў рамках справы працэсуальнага статусу ня мае. Аднак пазней старшыня Дзяржкантролю Іван Тэртэль заявіў: «Не магу сабе ўявіць, што тое, што чынілася ў банку намесьнікамі, магло быць невядомым кіраўніку. Магу пацьвердзіць, што цяпер у нас ёсьць пераканаўчыя доказы ягонай датычнасьці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасьці»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG