Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачку бізнэсоўца-ўцекача Авяр’янава асудзілі на тры гады калёніі мінус год па амністыі


Фрунзэнскі раённы суд 12 чэрвеня асудзіў на два гады гады зьняволеньня за нясплату падаткаў у асабліва вялікім памеры прадпрымальніцу Вікторыю Авяр'янаву, дачку вядомага бізнэсмэна Юрыя Авярʼянава. Ёй прысудзілі 3 гады калёніі, але год зьнялі па амністыі. Страты прызналі на 700 тысяч.

Авяр’янаў у 2017 годзе зьехаў у Нямеччыну і не вяртаецца ў Беларусь, дзе супраць яго таксама завялі справу за нясплату падаткаў. Вікторыя Авярʼянава з 2018 году жыла ў Расеі, але надалей кіравала беларускімі фірмамі «Бістроф» і «Інтэкс» і праз апошнюю — менскімі начнымі клюбамі «Мэдысан», «Афрыкана» і «Табу».

Прадпрымальніцу абвінавацілі ў нясплаце падаткаў у асабліва вялікім памеры. Паводле сьледзтва, за пэрыяд з 2010 па 2015 год фірма «Інтэкс» пад кіраўніцтвам Авярʼянавай ня выплаціла ў бюджэт звыш 892 тысяч рублёў. Нібыта ўтойвалася выручка за аказаныя паслугі, што дазваляла значна паменшыць падаткі.

Бацька асуджанай, вядомы ў Беларусі прадпрымальнік Юры Авярʼянаў, валодаў паркам забаваў «Дрымлэнд», кантраляваў «Гандлёвы сьвет — „Кольца“», аўтарынак у Малінаўцы, будаўнічы рынак ва Ўруччы ды іншыя актывы. Генэральная пракуратура Беларусі абвінавачвае Юрыя Авярʼянава ў нясплаце падаткаў у асабліва вялікім памеры, а таксама ў злоўжываньні службовым становішчам, і дамагаецца ад Нямеччыны ягонай выдачы ў Беларусь.

Да затрыманьня Вікторыя Авярʼянава жыла ў Маскве з двума непаўналетнімі дзецьмі. У 2019 годзе на запыт беларускіх праваахоўнікаў яе двойчы затрымлівалі, але вызвалялі рашэньнем суду. Пасьля трэцяга затрыманьня ў канцы 2019 году Авярʼянаву экстрадавалі ў Беларусь.

Суд над Вікторыяй Авярʼянавай цягнуўся амаль месяц. У справе было 10 тамоў, у ёй праходзілі каля 40 сьведак, некаторыя зь іх у суд не з’явіліся, суд заслухаў іхныя паказаньні, дадзеныя на сьледзтве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG