Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі генэрал папрасіў прабачэньня за зьяўленьне з Трампам пасьля разгону пратэстаў у Вашынгтоне


Марк Мілі (справа) і Дональд Трамп (зьлева) ў Вашынгтоне, 1 чэрвеня

Старшыня Аб'яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрал Марк Мілі назваў памылкай сваё зьяўленьне побач з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам пасьля разгону мірнай дэманстрацыі каля Белага дому ў Вашынгтоне.

Як паведамляе CNN, генэрал выпусьціў заяву, дзе адзначыў, што яго прысутнасьць побач з прэзыдэнтам (сумесны шпацыр Трамп і Мілі зафіксавалі журналісты) «зрабіла магчымым дапушчэньне, што вайскоўцы ўмяшаліся ўва ўнутраную палітыку краіны».

Фатаграфія, дзе Мілі фігуруе ў кампаніі прэзыдэнта і яго атачэньня, зробленая 1 чэрвеня каля царквы Сьвятога Яна ў Вашынгтоне. Незадоўга да таго, як Трамп прыбыў туды, паліцыя і вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі разагналі ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі супраць паліцэйскага гвалту ў ЗША.

«Мне ня трэба было знаходзіцца там, — заявіў Марк Мілі. — Мая прысутнасьць у гэтым месцы ў гэты час зрабіла магчымым дапушчэньне, што вайскоўцы ўмяшаліся ўва ўнутраную палітыку. [Мая прысутнасьць там] у якасьці кадравага вайскоўца ў форме была памылкай».

У сваім выступе генэрал Мілі таксама назваў абуральным забойства ў Мінэапалісе афраамэрыканца Джорджа Флойда, якое паслужыла нагодай да пачатку дэманстрацыяў па ўсёй краіне. Пратэсты, заявіў Мілі, выкліканыя «вякамі несправядлівага стаўленьня да афраамэрыканцаў».

46-гадовы Джордж Флойд загінуў падчас затрыманьня паліцыяй Мінэапалісу 25 траўня. У інтэрнэце апублікавана відэа затрыманьня, на якім Флойд ляжыць на зямлі ў кайданках, а паліцыянт цягам васьмі хвілін прыціскае яго да зямлі, трымаючы калена на яго шыі. Флойд неаднаразова просіць прыбраць калена і кажа, што яму няма чым дыхаць, але паліцыянт ігнаруе яго просьбы.

Пасля гэтага ў Мінэапалісе пачаліся шматдзённыя акцыі пратэсту, якія перарасьлі ў закалоты: дэманстранты падпалілі пастарунак, дзе працавалі паліцыянты, што затрымалі Флойда, разрабавалі дзясяткі крамаў, уступалі ў сутычкі з паліцыяй. Губэрнатар штату ўвёў у горад Нацыянальную гвардыю, а прэзыдэнт Трамп прыгразіў далучыць да разгону дэманстрацыяў войска, калі мясцовыя ўлады ня возьмуць сытуацыю пад кантроль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG