Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША разьвітваюцца з Джорджам Флойдам, чыя сьмерць прывяла да пратэстаў


Цырымонія разьвітаньня з Джорджам Флойдам.

У Х’юстане, у амэрыканскім штаце Тэхас, у аўторак праходзіць пахаваньне афраамэрыканца Джорджа Флойда, чыя сьмерць пры затрыманьні паліцыяй выклікала пратэсты па ўсёй краіне. На пахаваньні будуць прысутнічаць толькі родныя і блізкія нябожчыка.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», пасьля цырымоніі разьвітаньня хʼюстанская паліцыя суправодзіць жалобны картэж у суседні горад Пірлэнд, дзе Флойда пахаваюць побач з маці.

У царкве, дзе адбываецца служба, чарга людзей з амэрыканскімі сьцягамі, букетамі і фатаздымкамі Флойда. Многія ў футболках з надпісам «Я не магу дыхаць».

На цырымонію запрошана каля 500 чалавек, у тым ліку член Палаты прадстаўнікоў Шэйла Джэксан Лі і іншыя члены Чорнага кокусу Кангрэсу, кіраўнік прафэсійнай каманды Тэхасу ў амэрыканскім футболе Кэл Макнэйр, а таксама семʼі іншых афраамэрыканцаў, якія загінулі ад рук паліцыі.

У панядзелак увечары будынак мэрыі Хʼюстану падсьвятлілі чырвона-залатой падсьветкай — у колерах школы, дзе ён вучыўся. Многія гарады падтрымалі гэтую акцыю ў памяць пра Флойда: чырвона-залатыя агні запаліліся ў Лос-Анджэлесе, Бостане, Оклэндзе, Лас-Вэгасе, Нью-Ёрку і іншых гарадах.

У панядзелак тысячы чалавек прыйшлі да царквы ў Хʼюстане, дзе была выстаўленая для разьвітаньня адкрытая труна зь целам Флойда. На мінулым тыдні мэмарыяльныя набажэнствы адбыліся ў Мінэапалісе і Паўночнай Караліне, дзе нарадзіўся Флойд.

Таксама ў панядзелак абвінавачаны ў забойстве Флойда паліцыянт Дэрэк Човін упершыню паўстаў перад судом у Мінэапалісе. Ён знаходзіцца ў турме і выступаў у судзе па відэасувязі. У наступны раз яму трэба будзе паўстаць перад судом 29 чэрвеня.

У Мінэапалісе, дзе 25 траўня памёр Флойд, 9 з 12 членаў гарадзкой рады выступілі за скасаваньне гарадзкой паліцыі, палічыўшы, што яна не падлягае рэфармаваньню.

Губэрнатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам распарадзіўся, каб у рамках праграмаў падрыхтоўкі паліцэйскіх іх не вучылі прымяненьню ўдушлівых захопаў.

Паліцыя Дэнвэру ў нядзелю таксама абвясьціла аб увядзеньні поўнай забароны на прымяненьне гэтай тактыкі. Акрамя таго, супрацоўнікаў спэцназу абавяжуць актываваць нацельныя камэры падчас апэрацый.

Губэрнатар штату Вашынгтон Джэй Інсьлі прапанаваў стварыць незалежны аддзел для расьсьледаваньня забойстваў з удзелам паліцыі, а таксама абавязаць паліцэйскіх паведамляць пра парушэньні з боку калег.

Акруговая рада сталіцы ЗША Вашынгтону ўхваліла шэраг рэформаў, сярод якіх, акрамя забароны на ўдушлівыя прыёмы — недапушчэньне прыманьня на працу паліцыянтаў, якія мелі дакумэнтальна зафіксаваныя парушэньні ў працы.

Згодна з апублікаваным у аўторак апытаньнем Washington Post-Schar School, 81 адсотак рэспандэнтаў лічаць, што ў паліцыі неабходныя зьмены, каб гарантаваць аднолькавае абыходжаньне з афраамэрыканцамі і белымі. 74 адсоткі рэспандэнтаў падтрымліваюць пратэсты, а 25 адсоткаў выступаюць супраць іх.

Камэнтуючы рэакцыю прэзыдэнта Дональда Трампа на сытуацыю, 61% рэспандэнтаў выказаліся нэгатыўна, 35% яе ўхвалілі.

Сьмерць Флойда выклікала абурэньне сярод рэлігійных лідэраў па ўсёй краіне. Прадстаўнікі афраамэрыканскіх рэлігійных суполак, прагрэсіўных каталікоў, пратэстантаў, іудзеяў і іншых канфэсійных груп заклікаюць рэфармаваць паліцыю і выкараніць расізм.

На мінулым тыдні больш за 1000 рабінаў, пастараў, імамаў і іншых рэлігійных лідэраў правялі онлайн-канфэрэнцыю, каб абмеркаваць спосабы барацьбы з сыстэматычным гвалтам у дачыненьні да афраамэрыканцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG