Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША спрачаюцца пра «скарачэньне фінансаваньня паліцыі» — што гэта значыць?


Пахаваньне Джорджа Флойда, 9 чэрвеня 2020
Пахаваньне Джорджа Флойда, 9 чэрвеня 2020

Пасьля сьмерці чарнаскурага Джорджа Флойда падчас затрыманьня паліцыяй у Мінэапалісе ў мінулым месяцы ўсё гучней чуваць заклікі да рэформы праваахоўнай сыстэмы ЗША. Лёзунг «Скараціць фінансаваньне паліцыі» гучыць па ўсёй краіне на фоне ўздыму руху Black Lives Matter (Жыцьцё чарнаскурых мае значэньне).

Што маецца на ўвазе? Справу тлумачыць карэспандэнт Свабоды Тод Прынс.

Што значыць «скараціць фінансаваньне паліцыі»?

Кажучы пра неабходнасьць скараціць фінансаваньне паліцыі, удзельнікі пратэстаў і грамадзянскія актывісты не прапануюць «разагнаць» паліцыю — гэта ім прыпісваюць апанэнты.

Хутчэй, гаворка ідзе пра тое, каб перанакіраваць бюджэтныя сродкі, якія цяпер атрымлівае паліцыя, у школы, цэнтры перакваліфікацыі, цэнтры псыхіятрычнай дапамогі і на сацыяльнае жытло.

Многія буйныя амэрыканскія гарады выдаткоўваюць на ўтрыманьне праваахоўных органаў больш за чвэрць свайго бюджэту.

Шматлікія навукоўцы і грамадзкія лідэры сьцьвярджаюць, што асноўныя прычыны злачыннасьці — беднасьць, няпоўная занятасьць і псыхічныя захворваньні, і рашэньне гэтых праблем дасьць большы эфэкт, чым павелічэньне колькасьці паліцыянтаў на вуліцах.

Што пра гэта думаюць амэрыканцы?

Большасьць амэрыканцаў, паводле апытаньняў, не падтрымліваюць рэзкага скарачэньня фінансаваньня паліцыі.

Прыкладам, апублікаваныя 1 чэрвеня зьвесткі кампаніі Yahoo News/YouGov Poll паказваюць, што амаль дзьве траціны амэрыканцаў супраць скарачэньня фінансаваньня паліцыі, за — 16%.

Паводле гэтай самай крыніцы, амаль 60% амэрыканцаў давяраюць паліцыі ў дыяпазоне ад «у дастатковай ступені» да «цалкам» — гэтая лічба вышэйшая, чым давер да такіх інстытутаў, як унівэрсытэт, царква, мэдыя і карпарацыі.

Што кажуць кандыдаты ў прэзыдэнты?

Прэзыдэнт Дональд Трамп, які будзе змагацца з кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэнам на прэзыдэнцкіх выбарах 3 лістапада, выступіў супраць скарачэньня фінансаваньня паліцыі.

У сваім запісе ў твітэры ад 8 чэрвеня Трамп прыраўноўвае скарачэньне фінансаваньня паліцыі да адмовы ад яе і пазбаўленьня яе ўсялякай падтрымкі. На яго думку, гэтыя захады падарвуць закон і парадак.

Байдэн ня згодны са скарачэньнем фінансаваньня паліцыі, аднак падтрымлівае ідэю тэрміновых рэформаў, заявілі ў яго выбарчым штабе. 9 чэрвеня Байдэн заявіў, што для таго, каб паліцыя атрымлівала фэдэральную дапамогу, яна павінна адпавядаць «асноўным патрабаваньням прыстойнасьці і высакароднасьці» і «прадэманстраваць здольнасьць абараніць усіх членаў грамадзтва».

Ці прывядзе зьніжэньне фінансаваньня паліцыі да росту злачыннасьці?

Так лічаць некаторыя кіраўнікі паліцыі, лідэры паліцэйскага прафсаюзу і палітыкі пераважна рэспубліканскага кірунку.

Тым ня менш крытыкі лічаць, што на вуліцах і так зашмат паліцыянтаў, асабліва ў бедных раёнах, дзе пражывае нябелае насельніцтва. Акрамя таго, паліцыя часта мусіць рэагаваць на сытуацыі, зь якімі лепш бы справіліся сацыяльныя работнікі або спэцыялісты ў аказаньні псыхіятрычнай дапамогі.

Хто і для чаго выходзіць на вуліцы ў ЗША? Спрабуем разабрацца
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:13 0:00

Што прапануюць у Кангрэсе?

У адказ на пратэсты чарнаскурыя кангрэсмэны Палаты прадстаўнікоў ад Дэмакратычнай партыі прапанавалі найбуйнейшую за многія гады рэформу праваахоўных органаў для барацьбы з паліцэйскай жорсткасьцю і дыскрымінацыяй.

Гэтая рэформа не прадугледжвае скарачэньня фінансаваньня паліцыі, бо гэта ў большай ступені прэрагатыва адміністрацыі штатаў і гарадоў, а не фэдэральнага ўраду.

Законапраект забараняе ўжываць прыёмы здушэньня і пранікаць у жытло без папярэджаньня, абмяжоўвае перадачу вайсковага абсталяваньня праваахоўным органам штатаў і гарадоў.

Акрамя таго, закон прапануе зьнізіць парог, пасьля якога для паліцыянтаў, якія злоўжываюць сваім становішчам, надыходзіць крымінальная адказнасьць.

Што робяць гарадзкія ўлады?

Мэр Лос-Анджэлеса Эрык Гарсэты абвясьціў, што бюджэт гарадзкой паліцыі будзе зьменшаны на 150 мільёнаў даляраў і гэтыя грошы пойдуць на падтрымку нябелых супольнасьцяў.

Мэр Нью-Ёрку Біл дэ Блазіё сказаў, што перанакіруе частку паліцэйскага бюджэту ў сацыяльныя службы.

У Мінэапалісе, дзе быў забіты Флойд, гарадзкая рада большасьцю галасоў прыняла дэклярацыю аб расфармаваньні паліцыі — гэта самы радыкальны крок насустрач дэманстрантам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG