Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У барацьбе з расізмам ахвярамі становяцца помнікі


Пастамэнт былой статуі Эдварда Колстана ў Брысталі (Вялікабрытанія), зьнесенай на гэтым тыдні.
Пастамэнт былой статуі Эдварда Колстана ў Брысталі (Вялікабрытанія), зьнесенай на гэтым тыдні.

У межах глябальнай кампаніі #BlackLivesMatter, выкліканай сьмерцю афраамэрыканца Джорджа Флойда ў ЗША, набірае абароты рух за знос помнікаў гістарычным асобам, якіх абвінавачваюць у расізьме і злачынствах супраць чарнаскурых. Гэта адбываецца і ў Эўропе.

Бэльгія

На гэтым тыдні ўлады бэльгійскага гораду Антвэрпэну дэмантавалі помнік каралю Леапольду II. Леапольд II быў каралём Бэльгіі з 1865 па 1909 год. Пад ягонай уладай быў захоплены басэйн ракі Конга, дзе цяпер знаходзіцца Дэмакратычная Рэспубліка Конга.

Жыхары гэтай тэрыторыі былі асабістай уласнасьцю Леапольда II, фармальна яны не знаходзіліся пад уладай бэльгійскай дзяржавы.

У Конга, дзе здабывалі шэраг карысных выкапняў, ішла жорсткая эксплёатацыя мясцовага насельніцтва. Паводле падлікаў гісторыкаў, з 1885 па 1915 год колькасьць насельніцтва Конга зьменшылася амаль удвая.

У мэрыі Антвэрпэну патлумачылі, што прыбралі статую для рэстаўрацыі, а потым могуць перанесьці яе ў гарадзкі музэй.

Вялікая Брытанія

У Лёндане мясцовыя ўлады прыбралі помнік Робэрту Мілігану, які стаяў перад будынкам Museum of London Docklands. Робэрт Міліган быў шатляндзкім гандляром рабамі і купцом, які да сваёй сьмерці валодаў дзьвюма плянтацыямі цукру на Ямайцы, дзе працавалі 526 рабоў.

«Сумная ісьціна такая, што большая частка багацьця нашага гораду і нацыі была атрыманая ад гандлю рабамі — гэтага ня трэба ўшаноўваць у нашых публічных месцах», — пракамэнтаваў знос помніка Мілігану мэр Лёндану Садык Хан.

Некалькімі днямі раней у Брысталі на паўднёвым захадзе Англіі скінулі ў раку помнік палітыку, прадпрымальніку і гандляру рабамі XVII стагодзьдзя Эдварду Колстану. Раней прыхільнікі зносу гэтай статуі ня раз праводзілі акцыі пратэсту, цяпер яны павалілі яе самі. Мэр гораду Марвін Рыс пасьля гэтага заявіў, што не адчувае страты, і паабяцаў прыбраць статую ў музэй.

У Голуэй у Шатляндыі актывісты днямі запатрабавалі зносу помніка Хрыстафору Калюмбу, першаадкрывальніку Амэрыкі, якому прыпісваюць віну за пазьнейшую эксплёатацыю карэнных жыхароў таго кантынэнту белымі. Помнік Калюмбу ў Голуэй быў адкрыты ў 1992 годзе, каб адзначыць 500-ю гадавіну яго заакіянскага падарожжа, і зьяўляецца адным з 600 помнікаў гэтаму мараходу па ўсім сьвеце.

ЗША

Помнік Хрыстафору Калюмбу ў Лос-Анджэлесе быў зьнесены тры гады таму, калі гарадзкія ўлады пагадзіліся з патрабаваньнямі абаронцаў правоў індзейцаў у ЗША, якія ў гэтай статуі бачылі сымбаль уціску карэнных жыхароў Амэрыкі.

  • У Эўропе да гэтага часу помнікі дэмантавалі пераважна ў выніку грамадзкай пераацэнкі гістарычных падзей, у прыватнасьці — пераацэнкі камуністычнай эпохі.
  • У мінулыя гады адбыліся масавыя зносы помнікаў Уладзіміру Леніну ў балтыйскіх краінах, Польшчы і Ўкраіне.
  • Самая сьвежая справа пераацэнкі спадчыны камуністычнай эпохі — знос помніка савецкаму маршалу Івану Коневу ў Празе, які выклікаў афіцыйны пратэст Масквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG