Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чачэніі фонд Кадырава раздаў жаніхам па 50 тысяч рублёў на выкуп 207 нявест


Масавае вясельле ў Грозным, ілюстрацыйнае фота

Рамзан Кадыраў, кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі ў складзе Расейскай Фэдэрацыі, даручыў выдаць жаніхам па 50 тысяч расейскіх рублёў (каля 732 даляраў або 1738 беларускіх рублёў) з Фонду Ахмата Кадырава на выкуп 207 нявест.

Пра гэта паведамляецца на старонцы Духоўнага кіраўніцтва мусульман Чачэніі ў Instagram.

Грошы атрымалі мужчыны, якія зьбіраліся ажаніцца, але апынуліся ў цяжкім фінансавым становішчы праз пандэмію каранавірусу.

«РИА Новости» піша, што сямʼя жаніха атрымлівае 50 тысяч рублёў на ажыцьцяўленьне абраду шлюбу паводле мусульманскіх канонаў, што прадугледжвае выплату за нявесту пэўнай сумы грошай – урду, вызначанага духавенствам. Пасьля гэтыя грошы перадаюцца ў дар нявесьце.

Зьмяніліся і правілы правядзеньня ўрачыстасьцяў, якія тут звычайна праходзяць пры вялікай колькасьці гасьцей. Цяпер на вясельлі могуць прысутнічаць толькі самыя блізкія сваякі, а за нявестай едуць толькі дзьве машыны.

Да 25 траўня ў краіне праз каранавірус дзейнічала забарона на правядзеньне вясельляў паводле ісламскіх канонаў, уведзеная 13 красавіка муфтыятам Чачэніі. Тады паведамлялася, што можна праводзіць урачыстасьць толькі згодна з патрабаваньнямі Расспажыўнагляду.

Фонд Ахмата Кадырава быў створаны ў 2004 годзе, пасьля гібелі першага прэзыдэнта Чачэнскай рэспублікі і прыходу да ўлады ягонага сын Рамзана. Афіцыйна яго ўзначальвае маці цяперашняга лідэра Чачэніі Аймані Кадырава. Вядома, што грошы арганізацыі пералічваюць буйныя чачэнскія бізнэсоўцы, а таксама, паводле газэты «Коммерсант», бюджэтнікі і прадпрымальнікі з Чачэніі, якіх нібыта прымушаюць рабіць унёскі. Багацьце фонду, які называецца «дабрачынным», ацэньваецца ў суму каля 2 мільярдаў расейскіх рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG