Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўнасьць моў і ніякага шарлатанства! Адказ Ігару Марзалюку


Старшыня камісіі адукацыі, культуры і навукі Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк у адказе на пэтыцыю з патрабаваньнем забясьпечыць беларускамоўным грамадзянам роўны доступ да фінансавых паслугаў заявіў, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы.

Таксама Ігар Марзалюк сказаў, што «паколькі заканадаўства не ўсталёўвае ніякіх абмежаваньняў для адной дзяржаўнай мовы і прывілеі для іншай, прававыя падставы для рэалізацыі выкладзеных у звароце прапановаў адсутнічаюць».

Яшчэ раз: «заканадаўства не ўсталёўвае прывілеяў».

Вось гэтае «ў нас дзьве дзяржаўныя мовы», у розных інтэрпрэтацыях, зрабілася ўнівэрсальным адказам практычна ўсіх чыноўнікаў на практычна ўсе заявы пасьля рэфэрэндуму-95.

Гэта, канечне, праява дзяржаўнай палітыкі.

Але зараз я хачу ацаніць словы Ігара Марзалюка ня як палітыка, а як навукоўца. Ён доктар навук, прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі навук.

Аднак для мяне больш важна, што Ігар Марзалюк скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага пэдынстытуту — які ў канцы 50-х скончыла і мая маці (тады факультэт называўся гісторыка-геаграфічным).

Выкладчыкі, паводле словаў маці, там былі добрыя.

Студэнты, праўда, былі розныя.

Да прыкладу, адзін выпускнік гэтага факультэту (ён яшчэ скончыў і Горацкую сельгасакадэмію, потым кіраваў саўгасам, цяпер дзяржавай) штораз блытаецца ў гістарычных фактах. Ну, але дрэнны студэнт — гэта, відавочна, не пра Ігара Марзалюка.

У праграму ВНУ ўваходзіць такі прадмет, як лёгіка.

І зараз, як кажуць, сачыце за рукамі.

Калі па-беларуску фінансавыя паслугі ня робяцца, і паводле закону ніякая мова не павінна мець прывілеяў, дык — па лёгіцы — і па-расейску яны не павінны рабіцца? Бо інакш гэта — прывілей. Перавага расейскай мовы над беларускай. А закон забараняе перавагу.

Застаецца толькі выбраць мову, на якой будуць аказвацца паслугі беларусам у дзяржаве, якая мае назоў Рэспубліка Беларусь.

Казаская? Партугальская? Фінская? Кітайская? Хіндзі? Нейкая іншая? Выбар багаты...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG