Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як яна будзе цяпер у Беларусі жыць?» Што кажуць суседзі пра ўдзельніцу затрыманьня Ціханоўскага ў Горадні


Дом, дзе Алена К. жыла ў Бабруйску
Дом, дзе Алена К. жыла ў Бабруйску

Свабода пагутарыла ў Бабруйску з суседзямі жанчыны, якая 29 траўня ў Горадні за некалькі хвілін да затрыманьня відэаблогера Сяргея Ціханоўскага настойліва дамагалася ад яго адказу на свае пытаньні. Калі той адмовіўся, то зьявіліся двое міліцыянтаў, і ў штурханіне адзін зь іх апынуўся на асфальце.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Цяпер арыштаванаму блогеру, кіраўніку выбарчага штабу вылучэнкі на прэзыдэнцтва Сьвятланы Ціханоўскай, а таксама 8 ягоным паплечнікам інкрымінуюць «гвалт супраць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў». Саму ж жанчыну шмат хто называе правакатаркай, якая ўсчала канфлікт, каб даць падставы міліцыі арыштаваць Ціханоўскага.

«Вы іх не застанеце тут. Яны даўно жывуць у сталіцы»

Асобу жыхаркі Менску Алены К. вылічылі карыстальнікі інтэрнэту па ейных акаўнтах у сацыяльных сетках. Там жа былі фатаздымкі «пікантнага характару» з прапановамі для мужчын.

З даступных зьвестак вядома, што яна родам з Бабруйску, а ў сталіцы жыла на найманай кватэры разам з дачкой і маці. 30 траўня Свабода высьветліла, што ля ейнага дома ў Менску дзяжурыла міліцыя. Самой гаспадыні, як і яе блізкіх, па месцы жыхарства засьпець не ўдалося. Цяпер старонкі ў сацыяльных сетках выдаленыя.

У Бабруйску ў адным з спальных раёнаў удалечыні ад гарадзкога цэнтру Свабода адшукала дом, дзе жыла да пераезду ў сталіцу гэтая жанчына. Жыхары пацьвердзілі, што яна і ёсьць Алена К.

Паводле іх, яна з маці засялілася ў панэльны шматпавярховік адразу пасьля пабудовы, на пачатку 1990-х. Уладальніца двухпакаёвай кватэры на 9 паверсе — маці. На яе ж аформлены і стацыянарны хатні тэлефон. Уваходныя дзьверы жалезныя і ўмацаваныя. На ручцы вісяць даўнія рэклямныя абвесткі.

«Вы іх не застанеце тут, бо яны даўно жывуць у сталіцы і прыяжджаюць зрэдку, — кажа адна з суседак. — Дачка ў Менску знайшла недзе працу ды забрала маці. Тая штолета прыяжджае з унучкай сюды. Неўзабаве, можа, і зьявіцца».

Дзьверы ў кватэру. З рэклямай на ручцы і жалезныя
Дзьверы ў кватэру. З рэклямай на ручцы і жалезныя

«Сядзела за наркотыкі»

Па словах яшчэ аднаго суседа, Алене блізу 45 гадоў. Ён цьвердзіць, што «яна ў Бабруйску была дзяўчынай ня ўзорных паводзін» і «недзе ў 1996 годзе яе пасадзілі гадоў на шэсьць за наркотыкі».

Алена К.
Алена К.

«Пагаворвалі, што яна прытаргоўвала імі ў сябе дома, — кажа мужчына. — Як вызвалілася, то нядоўга ў Бабруйску пабыла. Зьехала ў Менск. Пра тое, з чаго яна там жыве, гаварылі ў нас рознае і дужа непрыемнае...»

Паводле яго, дачку Алена нарадзіла ў Менску. Ці была яна замужам, суразмоўца ня ведае. Кажа, што некалькі год дзіця гадавала бабуля ў Бабруйску, а потым іх абедзьвюх Алена забрала ў сталіцу. Там яны гадоў дзесяць ужо, кажа ён.

Пра падзеі ў Горадні суразмоўца ведае. Перакананы, што Алене можна было знайсьці спосаб, каб «ня ўдзельнічаць у міліцэйскай авантуры».

«Я не магу ўявіць, як яна будзе цяпер у Беларусі жыць, — са скрухай адзначае ён. — Такое ня хутка забудзецца. Зь ёй што будзе, тое будзе, а ці падумала яна пра дачку...»

Цяперашняга прозьвішча жанчыны суседзі ня ведаюць. Адна з суразмоўцаў доўга старалася прыгадаць, пра каго гаворка, а пасьля апісаньня выгукнула: «Дык гэта ж Ленка. Але яна тут не зьяўляецца ўжо шмат год».

«Ейная маці прыяжджала нядаўна па пэнсію, — кажа далей жанчына, — аднак, мне здаецца, цяпер яе будзе атрымліваць у Менску».

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG