Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі і землякі. Каго яшчэ Лукашэнка прызначыў ва ўрад Галоўчанкі


Прэм'ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка падчас кадэнцыі амбасадарам Беларусі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах

Прэм'ер-міністрам Беларусі замест Сяргея Румаса ўпершыню прызначаны выхадзец зь сілавых структураў, старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага комплексу Раман Галоўчанка. ​

Раней беларускі ўрад узначальвалі эканамісты, фінансісты, выхадцы з прамысловасьці і сельскай гаспадаркі.

Шэраг ведамстваў урадавыя зьмены, зробленыя 4 чэрвеня Аляксандрам Лукашэнкам, не закранулі. Сярод іх міністэрствы замежных і ўнутраных спраў, аховы здароўя, эканомікі, адукацыі, культуры.​ А некаторыя атрымалі новых кіраўнікоў. ​Сярод іх па некалькі выхадцаў зь сілавых структур і землякоў Аляксандра Лукашэнкі з Магілёўскай вобласьці.

  • Першы віцэ-прэм’ер — Мікалай Снапкоў. Да гэтага ўжо працаваў ва ўрадзе, вернуты назад з пасады амбасадара Беларусі ў Кітаі, куды быў накіраваны на пачатку гэтага году. Ураджэнец Магілёва.
  • Віцэ-прэм’ер — Аляксандар Субоцін. Папярэднія месцы працы — намесьнік міністра сельскай гаспадаркі, памочнік прэзыдэнта па Магілёўскай вобласьці, сябра калегіі прамысловасьці і аграпрамысловага комплексу ў структурах ЭАЭС. Ураджэнец Магілёўшчыны.
  • Міністар прамысловасьці — Пётра Пархомчык. Пачынаючы ад сярэдзіны 2000-х бесперапынна ўзначальваў жодзінскае прадпрыемства БелАЗ.
  • ​Міністар архітэктуры і будаўніцтва — Руслан Пархамовіч. Кіраваў Магілёўскім домабудаўнічым камбінатам, апошнія два гады — намесьнік старшыні аблвыканкаму.
  • Міністар фінансаў — Юры Селіверстаў. Падняўся на адну службовую прыступку з пасады першага намесьніка міністра
  • Міністар інфармацыі — Ігар Луцкі. Да прызначэньня быў дырэктарам тэлеканалу СТВ, у ведамстве заняў месца Аляксандра Карлюкевіча.
  • Міністар жыльльёва-камунальнай гаспадаркі — Андрэй Хмель. Да таго быў намесьнікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
  • ​Камітэт дзяржкантролю — Іван Церцель. Яшчэ адзін сілавік ва ўрадзе, былы намесьнік старшыні Камітэту дзяржбясьпекі.
  • Дзяржаўны камітэт вайсковай прамысловасьці — Дзьмітры Пантус. Служыў першым намесьнікам Рамана Галоўчанкі, пакуль таго не прызначылі прэм’ер-міністрам Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG