Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У міліцыі мяне проста адфутболілі», — маці затрыманага апэратара Ціханоўскага


РАУС Кастрычніцкага раёну Горадні, ілюстрацыйнае фота

Апэратара Сяргея Ціханоўскага Арцёма Сакава затрымалі позна ўвечары 31 траўня ў Горадні. Маці кажа, што мае вобмаль інфармацыі пра яго.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>

«Адзінае, што я ведаю, — ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Кастрычнікага РАУС Горадні, — сказала Свабодзе яго маці Ларыса Сакава. — Учора па ўсіх тэлефонах міліцыі мяне проста адфутболілі. Эмоцыі перапаўняюць... Ня ведаю, што будзе далей».

Арцём родам з райцэнтру ў Гомельскай вобласьці, апошнім часам жыў у Гомлі, наймаў тут кватэру. Маці хвалюецца, што сыну нават няма каму прынесьці перадачу ў ізалятар.

«Сёньня да яго не пусьцілі адваката», — сказала жанчына.

Яна глядзела відэа з затрыманьня Сяргея Ціханоўскага і паплечнікаў у Горадні «пахвілінна, пасэкундна».

«Арцём там ні ў чым ня ўдзельнічаў, але бачыце, што робіцца! Ён проста працаваў апэратарам, бо меў пэўны досьвед — да войска працаваў, здымаў».

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG