У Мурманску на паўночным захадзе Расеі абрынуўся чыгуначны мост цераз раку Колу, паведамляе галоўнае ўпраўленьне расейскага Міністэрства надзвычайных сытуацый па Мурманскай вобласьці. Ён быў пабудаваны ў 30-я гады XX стагодзьдзя, а апошні раз рамантаваўся ў 2014 годзе. Гэта адзіны чыгуначны шлях, які злучае Мурманск з астатняй Расеяй.
Насып апоры чыгуначнага моста на перагоне паміж станцыямі Кола — Выхадны падмыла праз інтэнсіўнае раставаньне сьнегу і высокі ўзровень вады ў рацэ Коле.
Паводле Мурманскага тэлеканалу «ТВ-21», ахвяраў пры абрушэньні не было, цягнікі па мосьце ў той момант не ішлі, людзі і тэхніка таксама ў той час не працавалі.
Пра пашкоджаньне апоры чыгуначнага моста вадой было вядома ўжо 30 траўня. У той жа дзень рух цягнікоў прыпынілі, а людзей з Мурманску да наступнай станцыі Выхадны пачалі дастаўляць на аўтобусах. 31 траўня губэрнатар Мурманскай вобласьці Андрэй Чыбіс пісаў у фэйсбуку, што наведаў месца пашкоджаньня моста: па яго словах, апора «ня вытрымала сілы вады, якая прыбывае». ⠀⠀
«Работы на мосьце ўжо стартавалі, пралёты зараз дэмантуюць. Цалкам завяршыць рамонт плянуем за два-тры тыдні. Усіх, хто працуе і прыедзе працаваць на аб’ект, абавязкова праверым на каранавірус», — паабяцаў ён.
Мурманская транспартная пракуратура пачала праверку па гэтым факце. «У ходзе праверкі будзе дадзена ацэнка дзеяньням службовых асобаў чыгункі, падрадных арганізацый на прадмет выкананьня заканадаўства пры правядзеньні рамонтных работ на мосьце, а таксама тэхнічных патрабаваньняў па яго ўтрыманьні і абслугоўваньні ў пэрыяд эксплюатацыі», — паведамляе Паўночна-Заходняя транспартная пракуратура Расеі.