Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская агрэсія ня выключаная, — Цэнтар аналізу эўрапейскай палітыкі.


Штаб-кватэра NATO у Брусэлі

NATO павінна ўмацоўваць свой усходні флянг, бо расейская агрэсія ня выключаная, лічаць аўтары дакладу Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі, базаванага ў Вашынгтоне.

Пра гэта піша «Голас Амэрыкі».

Пасьля анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе і пачатку ўзброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, Паўночнаатлянтычны альянс зрабіў шэраг крокаў, каб узмацніць сваю прысутнасьць ва Ўсходняй і Паўднёва-Усходняй Эўропе. У краінах Балтыі і Польшчы на ратацыйнай аснове былі разгорнутыя чатыры міжнародныя батальёны кааліцыйных войскаў і зробленыя захады па ўзмацненьні абароны паветранай прасторы дзяржаў альянсу. Таксама была прынятая падобная ініцыятыва ў дачыненьні да паўднёва-ўсходняй часткі Эўропы, якая, у прыватнасьці, прадугледжвае фармаваньне шматнацыянальнай ратацыйнай брыгады ў Румыніі.

Аднак гэтага недастаткова, і NATO павінная працягваць ня толькі ўзмацняць свой усходні флянг, але і надаваць больш увагі раёну Бальканаў і Чорнага мора, пішуць аўтары дакладу «Адзіны флянг, адзіная пагроза, адзіная прысутнасьць. Стратэгія для ўсходняга флянгу NATO», прадстаўленага вашынгтонскім Цэнтрам аналізу эўрапейскай палітыкі (CEPA).

Адзін з аўтараў дакладу, экспэрт Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі Януш Бугайскі адзначыў падчас вэб-дыскусіі, арганізаванай цэнтрам у аўторак, што магчымасьці NATO на ўсходнім і паўднёва-ўсходнім флянгу зьяўляюцца асымэтрычнымі, у той час, як Расея ў сваёй рэвізіянісцкай палітыцы мае пасьлядоўную стратэгію па ўсёй усходняй і паўднёва-ўсходняй лініі.

«Крэмль прытрымліваецца доўгатэрміновай стратэгіі, каб паспрабаваць аднавіць рэгіянальнае панаваньне Расеі. Больш за тое, ён фактычна для гэтага выкарыстоўвае Чарнаморскую зону», — заявіў Януш Бугайскі, адзначыўшы, што рэгіён Чорнага мора зьяўляецца ключавым, бо ёсьць магчымасьць адтуль уплываць на цэнтральна-эўрапейскія краіны, усходнюю частку Міжземнага мора і Бальканы, Паўднёвы Каўказ і Блізкі Усход.

Караблі Чарнаморскага флёту РФ
Караблі Чарнаморскага флёту РФ

Экспэрт адзначае, што асноўныя пагрозы для чальцоў NATO і краінаў-партнэраў альянсу «зыходзяць ад пуцінскай Расеі». Сярод іх Януш Бугайскі адзначае правядзеньне Расеяй сумесных вучэньняў «Захад», якія Масква арганізавала ў 2017 годзе сумесна з Менскам, і якія выклікалі вялікія асьцярогі на Захадзе праз маштабнасьць, нарошчваньне вайсковага патэнцыялу Расеі на межах з NATO, у прыватнасьці, у Калінінградзе і Крыме, парушэньне Масквой паветранай прасторы і тэрытарыяльных водаў краінаў рэгіёну, а таксама пагрозу свабодзе мараплаўства ў Чорным моры. Акрамя прамых вайсковых пагрозаў, экспэрт таксама называе і выкарыстаньне Крамлём тактык гібрыднай вайны, такіх як выкарыстаньне палітычнага і эканамічнага ціску, кібэратакаў, карупцыі і дэзынфармацыі.

«Масква акупуе Украіну — Крым і частку Данбасу, каля 12% тэрыторыі Малдовы ў Прыднястроўі, 20% тэрыторыі Грузіі ў Абхазіі і Цхінвальскім рэгіёне. Яна таксама дэстабілізуе Заходнія Бальканы, узмацняе свой уплыў на ўсім Паўднёвым Каўказе, маніпулюючы напружанасьцю ў рэгіёне. А таксама спрабуе ўбіць клін паміж Турэччынай і астатнімі чальцамі альянсу», — дадае Януш Бугайскі.

Экспэрт не выключае таго, што Крэмль можа зьвярнуцца да агрэсіі ў будучыні, напрыклад, на фоне аслабленьня рэжыму ў выніку пандэміі. Нягледзячы на тое, што NATO сутыкаецца з шэрагам праблем і некаторыя краіны альянсу зусім не абавязкова лічаць патэнцыйную расейскую пагрозу прэвалюючай, асабліва ва ўмовах пандэміі, «цяпер ня час аслабляць нашу абарону на ўсходнім флянгу», кажа Януш Бугайскі.

Бэн Годжэс
Бэн Годжэс

Былы камандуючы сухапутнымі войскамі ЗША ў Эўропе, а цяпер экспэрт Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі і сааўтар дакладу, генэрал-лейтэнант у адстаўцы Бэн Годжэс пералічыў падчас вэб-прэзэнтацыі некаторыя з прапанаваных аўтарамі парадаў.

Ён адзначыў неабходнасьць разьвіваць і інтэграваць супрацьпаветраную і супрацьракетную абарону NATO у рэгіёне, у тым ліку неабходнасьць праводзіць сумесныя вучэньні, дадаўшы, што шырокамаштабных вучэньняў у гэтай сфэры не праводзілася сем гадоў.

Таксама неабходна паляпшаць мабільнасьць войскаў, кажа Бэн Гождэс. Эўразьвяз павінен узяць на сябе ініцыятыву ў разьвіцьці эўрапейскай інфраструктуры, уключаючы паляпшэньне прапускной здольнасьці чыгункі. Ён прывёў прыклад таго, што перакідваньне вайскоўцаў і тэхнікі зь Нямеччыны ці Польшчы ў Румынію складанае праз Карпацкія горы, а для таго, каб дабрацца да Сувалскага калідору (сухапутны калідор паміж Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю РФ), неабходна перасячы паўночную Польшчу, «у якой больш азёраў, чым у Мінэсоце».

«Мабільнасьць — гэта здольнасьць перасоўвацца хутчэй, чым патэнцыйны праціўнік, — дадае былы камандуючы сухапутнымі войскамі ЗША ў Эўропе. — Стала б жахлівай памылкай, калі б Крэмль вырашыў, што можа ўчыніць напад, напрыклад, на Літву ці Румынію, да таго, як альянс зможа адказаць».

Сярод шэрагу іншых рэкамэндацый, Бэн Годжэс адзначае неабходнасьць стварыць рэгіянальную штаб-кватэру NATO у рэгіёне Чорнага мора і ўзмацненіць ваенна-марскія сілы альянсу.

«Абаронца Эўропы-2020»

У Эўропе ў пачатку чэрвеня пачнецца першы этап вучэньняў «Абаронца Эўропы-2020» (Defender Europe 2020), якія павінныя былі стаць самымі буйнымі вучэньнямі ў Эўропе за апошнія 25 гадоў, але былі адкладзеныя праз пандэмію каранавірусу. Іх мэтай зьяўляецца тэставаньне разгортваньня вайсковых сілаў альянсу, перакідваньне асабістага складу і ваенных грузаў з ЗША ў Эўропу і на самім эўрапейскім кантынэнце. Першапачаткова плянавалася, што ў вучэньнях возьмуць удзел каля 40 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку каля 20 тысяч амэрыканцаў.

Раней заплянаваныя на травень паветрана-дэсантныя вучэньні пад назвай «Саюзьніцкі дух» («Allied Spirit») пройдуць на польскім вайсковым палігоне Драўскі-Паморскае 5-19 чэрвеня. У іх возьмуць удзел каля 6 тысяч амэрыканскіх і 2 тысячы польскіх вайскоўцаў. Праз пандэмію каранавірусу вучэньні «Абаронца Эўропы-2020», якія складаюцца з сэрыі розных вучэньняў, адновяцца ў меншым маштабе, і тое, як яны будуць праходзіць, залежыць ад разьвіцьця пандэміі.

Правядзеньне вучэньняў выклікала крытыку з боку Крамля, які ацэньвае іх як «правакацыю», якая ўзмацняе напружанасьць паміж Расеяй і NATO.

Генэрал Бэн Гождэс адзначыў, што такая крытыка не абгрунтаваная. Паводле яго, у адрозьненьне ад расейскіх вучэньняў, такіх як «Захад», якія выклікалі вялікую заклапочанасьць у краінах Усходняй Эўропы, вучэньні, якія праводзяцца NATO і краінамі-партнэрамі альянсу, зьяўляюцца «празрыстымі», адкрытымі для асьвятленьня журналістамі і загадзя анансаванымі.

Калі б расейцы сур’ёзна ставіліся «да стабільнасьці, бясьпекі і зьніжэньня напружанасьці, то ў іх была б такая ж празрыстасьць, як і ў нас», кажа Годжэс. Ён таксама адзначае, што ў наступным годзе адбудуцца падобныя вучэньні з фокусам на Бальканы і Чарнаморскі рэгіён. «Я думаю, гэта вельмі важны сыгнал», — мяркуе былы камандуючы сухапутнымі войскамі ЗША ў Эўропе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG