Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не магу дыхаць». Што агульнага ў гісторыі Лары Крамэра, Джорджа Флойда і кожнага беларуса


Лары Крамэр
Лары Крамэр

Ёсьць такія краіны, дзе ўсе простыя грамадзяне як уразьлівая група, піша Андрэй Завалей.

Некалькі дзён таму памёр Лары Крамер – чалавек, які зрабіў калясальны ўнёсак у разьвіцьцё грамадзянскага руху ЛГБТ-людзей у ЗША, а таксама ў барацьбу з эпідэміяй ВІЧ/СНІД.

Сёньня пратэсты ў памяць аб чарговай ахвяры паліцэйскай жорсткасьці і расізму, Джорджы Флойдзе, ідуць праз Злучаныя Штаты. Апошнімі словамі забітага чорнага хлопца былі «Я не магу дыхаць».

У сьвеце віруе пандэмія каранавірусу, эканамічныя наступствы якога будуць катастрафічныя, ня кажучы ўжо пра загінулых. Для Беларусі яшчэ надыдзе час рэальных лічбаў і адказных за спробы схаваць праўду асоб, якія сваімі дзеяньнямі паставілі пад пагрозу жыцьцё і здароўе соцень тысяч чалавек у гэтай краіне.

Я адчуваю сябе на месцы Джорджа, я таксама не магу дыхаць – мяне душаць.

Затрымліваюць актывістаў моладзевага блёку, затрымліваюць Пятра Маркелава за тое, што ён прылёг на лаву. Затрымліваюць Ціханоўскага. Дзеткам са сьпінальнай мускульнай атрафіяй не даюць неабходных для іх здароўя лекаў, мэдыкі змагаюцца зь вірусам за капейкі, рызыкуючы сваім жыцьцём. Жанчынам і дзецям, пацярпелым ад хатняга гвалту не даюць закону, які б іх абараняў. ЛГБТ-людзям адмаўляюць у самым галоўным – прызнаньні нашай чалавечай годнасьці.

Беларусам не даюць годнай якасьці жыцьця, нам не даюць правоў, якія нашыя па факце нашага нараджэньня і Канстытуцыі. Нам не даюць сумленна працаваць і атрымліваць адэкватную ацэнку, аплату і ўдзячнасьць за сваю працу. Нам не даюць паўнавартасна разьвівацца як асобам, рэалізоўваць свой творчы і чалавечы патэнцыял.

Што мы атрымліваем замест? Правільна, стабільную стагнацыю, расьцягнутую ўжо на 26 гадоў, а яшчэ парад Перамогі падчас пандэміі.

Лары Крамэр паклаў сваё жыцьцё на тое, каб улады і грамадзтва зьвярнулі належную ўвагу на небясьпеку ВІЧ-інфэкцыі. Тады ўлады ЗША адкрыта адмахваліся ад праблемы – навошта нармальным людзям клапаціцца пра «вычварэнцаў», якія паміраюць ад СНІДу? Да таго моманту, пакуль яны зразумелі, што праблема тычыцца ўсіх без выключэньня людзей, шмат жыцьцяў было ўжо загублена і эпідэмія набрала катастрафічныя маштабы.

Кожны чалавек, які атрымлівае ў Беларусі АРВ-тэрапію (якая забясьпечвае паўнавартасную якасьць жыцьця людзям, якія жывуць з ВІЧ, і не дазваляе перадаць вірус іншаму чалавеку), мусіць за гэта падзякаваць менавіта Лары Крамэру. А ўлады Беларусі і дагэтуль сваёй гамафобнай палітыкай абмяжоўваюць эфэктыўнасць захадаў барацьбы з эпідэміяй ВІЧ/СНІД. Нягледзячы на тое, што праграма разьвіцьця ААН у сфэры здароўя і ВІЧ прадугледжвае пераадольваньне гамафобіі і іншых формы стыгмы, гвалту і дыскрымінацыі ў дачыненьні да ЛГБТ-людзей як фактараў, якія спрыяюць распаўсюду ВІЧ-інфэкцыі.

Адным з наймацнейшых штуршкоў для стварэньня арганізаванага руху ЛГБТ-людзей у сьвеце стала Стоўнвалскае паўстаньне ў Нью-Ёрку, якое было нічым іншым, як рэакцыяй супольнасьці на жорсткасьць і гвалт супрацоўнікаў паліцыі. Арганізацыя ACT UP, якую стварыў Лары Крамэр, патрабавала кампэтэнтнай, тэрміновай і прафэсійнай рэакцыі ўладаў на эпідэмію ВІЧ/СНІД.

Як бы гэта ні было горка і балюча, свабода – гэта працэс, яе нельга дасягнуць раз і назаўжды. Спачатку мы змагаемся за тое, каб спыніць гвалт супраць нас, а потым – за тое, каб дамагчыся роўнага стаўленьня і павагі да нашага жыцьця. І калі вы думаеце, што гэта справядліва толькі ў дачыненьні да ЛГБТ-людзей і іншых уразьлівых групаў, вы памыляецеся. Ёсьць такія краіны, дзе ўсе простыя грамадзяне як уразьлівая група.

Андрэй Завалей – каардынатар кампаніі памяці Мішы Пішчэўскага «Справа Пі», блогер, праваабаронца, ЛГБТ-актывіст, аўтар «Маніфэсту підара».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG