Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве дазволілі гуляць «паводле графіку» з 1 чэрвеня, але «рэжым самаізаляцыі» прадоўжаны да 14 чэрвеня


Мэр Масквы Сяргей Сабянін

Мэр Масквы Сяргей Сабянін сказаў падчас нарады з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, што з 1 чэрвеня ў Маскве будуць паслабленыя карантынныя абмежаваньні. Празь некалькі гадзін гэтыя захады былі абвешчаныя ўжо афіцыйна.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Паводле Сабяніна, з 1 чэрвеня:

  • будуць адкрытыя ўсе нехарчовыя крамы, у тым ліку аўтасалёны, адкрыецца частка майстэрняў і прадпрыемстваў бытавых паслуг (пральні, хімчысткі, рамонтныя майстэрні);
  • адновяць працу кірмашы выхаднога дня;
  • у тэставым рэжыме будзе працаваць «графік выхаду на прагулкі для грамадзян» і будуць дазволеныя заняткі спортам на вуліцах;
  • будуць адкрытыя паркі і сквэры, але ў іх пакуль ня будуць працаваць атракцыёны, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. Таксама пакуль нельга будзе карыстацца лавачкамі, альтанкамі ды іншымі падобнымі аб’ектамі.

«Рэжым самаізаляцыі» працягне дзейнічаць: ён падоўжаны мінімум да 14 чэрвеня. Але жыхарам, старэйшым за 65 гадоў, дазволена будзе выходзіць на вуліцу паводле графіку.

Па словах мэра, «сытуацыя з захворваньнем на каранавірусную інфэкцыю ў Маскве ня толькі стабілізавалася, але і палепшылася». Таму, паводле яго, можна «зрабіць як бы графік, калі грамадзяне, якія пражываюць у тых ці іншых дамах, могуць выходзіць на прагулкі».

Масквічам дазволяць гуляць па графіку толькі тры разы на тыдзень: два разы ў працоўныя дні і адзін раз у выходны. Раньнім ранкам (ад пятай да дзявятай раніцы) кожнага дня — без абмежаваньняў. Графік прагулак для кожнага дома будзе вывешаны на сайце mos.ru.

У Маскве ў апошні месяц дзейнічаюць жорсткія карантынныя захады: лічбавыя пропускі для выхаду з дому, абавязковае нашэньне масак і пальчатак. Жыхарам Масквы, старэйшым за 65 гадоў, з 23 сакавіка забаронена выходзіць з дому, а астатнім выходзіць можна толькі па пропусках, пры гэтым бяз пропуску забаронена адыходзіць ад дому далей як на 100 мэтраў.

У Расеі, паводле зьвестак на 27 траўня, каранавірусам заразіліся больш за 370 тысяч чалавек, больш за 170 тысяч зь іх прыпадае на Маскву. За апошнія суткі ў сталіцы заразіліся больш за 2 тысячы чалавек, 73 памерлі. Колькасьць тых, хто заразіўся (па афіцыйных дадзеных), сапраўды ідзе на спад пачынаючы з 7 траўня, калі інфікаваных было больш за 6700 чалавек. Аднак сьмяротнасьць ад COVID-19 у Маскве пакуль не зьніжаецца.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG