Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 траўня канцэртам гурту Akute завершацца онлайн-вечарыны падчас пандэміі каранавірусу


Афіша онлайн-канцэрту магілёўскага гурту Akute

Дыска-дэкаданс з Магілёва на сцэне новай прасторы Vondel Room у галерэі «Ў» разам зь менскімі дыджэямі Red Catz і Mad Mouse. Гэты выступ стане заключным акордам онлайн-фэстывалю VELO_ve Music Fest.

27 траўня электрычны онлайн-сэт Akute можна паглядзець, не выходзячы з дому і абсалютна бясплатна. Гурт выступіць у поўным складзе і сыграе ня толькі правераныя хіты, але і песьні, якія нячаста можна пачуць на фэстывалях.

Магілёўцы абяцаюць парадаваць публіку новым live-выступам у рэжыме поўнафарматнага канцэрту. Жывы гук і яркая карцінка ў спалучэньні з афармленьнем пляцоўкі ў стылі «Геамэтрыя».

Хэдлайнэры выйдуць на сцэну з 20.00 да 21.00, а да і пасьля канцэрту (19.00 — 22.00) пройдуць dj-cэты ў стылі драм-н-бэйс. Падчас стрыму вядоўца Андрэй Бонд будзе размаўляць з публікай. Можна задаваць пытаньні музыкам у камэнтарах. Трансьляцыя застанецца ў запісе групы арганізатараў.

Што трэба ведаць пра Akute

Нядаўна ў інтэрвію Свабодзе адзін з заснавальнікаў калектыву Раман Жыгараў расказаў, як музыкі бавяць час у вымушанай самаізаляцыі. Сярод іншага заселі за працу над шостым па ліку альбомам.

Гурт існуе з 2008 году, выконвае песьні на беларускай мове. Пераможцы нацыянальных і міжнародных рок-прэмій і конкурсаў, сярод якіх «Рок-каранацыя», «Басовішча», «Даём рады», «Героі году».

Гралі з такімі зоркамі, як Джон Ньюман, Kasabian, Софі Эліс-Бэкстар, выступалі на разагрэве ў Placebo і The Rasmus. Сталыя ўдзельнікі найбуйнейшых летніх оўпэн-эйраў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. А ў цяперашняй сытуацыі бяруць актыўны ўдзел у «онлайнах» на розных плятформах. Усе онлайн-выступы бясплатныя для гледачоў, некалькі былі праведзены з дабрачыннымі мэтамі.

Больш за месяц — ад 24 красавіка па серадах і пятніцах — праходзілі онлайн-вечарыны VELO_ve Music Fest.

Усе трансляцыі фэстываля даступныя для бясплатнага прагляду: джаз ад Mikhail Philipenya QUARTET у DK Gallery, канцэрт гурту Shumа сярод лесу і вады, постапакаліптычны пэрформанс фрык-тэатру T(Е)=ART «Робаты Тэсла» на закінутым заводзе, онлайн-стрым з панарамным відам на Санкт-Пецярбург каманды Goom Gum, Залюстроўе ад соўл-гурта Dee Tree ў галерэі «Ў», гіты рок-н-ролу ад Stokes ды іншых камандаў у кастам-майстэрні Юрыя Шыфа, этна-хаўс і шаманскі фольк-панк, нарэшце, выніковы онлайн-канцэрт Akute ў Vondel Room.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG