Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбітныя лекары Беларусі: Салямэя Русецкая — авантурыстка ці асьветніца?


Фрагмэнт партрэту Салямэі Русецкай аўтарства Яўгена Куліка на фоне старадаўняга Стумбулу

Да другой паловы ХІХ стагодзьдзя жанчынам вельмі рэдка ўдавалася трапіць ва ўнівэрсытэты, вядомыя адзінкавыя выпадкі, пераважна ў Італіі. Адпаведна да таго часу і не было дыплямаваных лекараў-жанчын.

Але лекаркі зь ліку самавучак былі. І адной з самых вядомых у Эўропе стала наша суайчыньніца Салямэя Русецкая, у другім шлюбе Пільштынова.

Яна нарадзілася на Наваградчыне ў 1718 годзе ў сям’і мешчаніна Яўхіма Русецкага. Замуж яе выдалі, калі ёй не было яшчэ і 14-ці гадоў за нямецкага лекара-акуліста Якуба Гальпіра. Гэты шлюб і вызначыў далейшы жыцьцёвы шлях Салямэі і яе занятак.

Яна была вельмі здольнаю да навукі і да моваў. Вельмі хутка Салямэя навучылася ад мужа лячыць вочы. Яны жылі ў Стамбуле, сталіцы Асманскай імпэрыі. Там палонны лекар-італьянец навучыў Салямэю лацінскай мове і навуцы выпісваць рэцэпты, а таксама перадаў ёй свае лекарскія кніжкі і зборнік з формуламі лекаў.

Пасьля таго, як муж памёр, Салямэя пачала сама зарабляць на жыцьцё лячэньнем спачатку вачэй, а пасьля і астатніх органаў.

Але сказаць так пра яе жыцьцё — гэта значыць нічога не сказаць. Гэта была ня проста лекарка. Гэта была неўтаймоўная падарожніца, авантурыстка, прадпрымальніца, пісьменьніца. Падзеяў яе жыцьця хапіла б на некалькі жыцьцяў.

Яна служыла і лячыла пры двары расейскай імпэратрыцы Ганны Іванаўны, сустракалася зь ёй і іншымі тагачаснымі манархамі і арыстакратамі, мела аўдыенцыі ў імпэратара Сьвятой рымскай імпэрыі Карла VI, прускага караля Фрыдрыха ІІ, служыла ў Радзівілаў, Патоцкіх. Займалася лекарскай практыкай у Санкт-Пецярбургу, Вене, Стамбуле, Львове, Кіеве, Камянец-Падольску, Ясах і ў іншых гарадах.

Яна зарабляла грошы на выкупе палонных, за якіх яна пасьля брала грошы зь іх сваякоў. Аднойчы, выкупіўшы з турэцкага палону некалькі аўстрыйскіх афіцэраў, яна выйшла замуж за аднаго зь іх, славенца паводле нацыянальнасьці..

Падзеі свайго жыцьця яна яскрава апісала ў біяграфічным рамане «Авантуры майго жыцьця», напісаным у 1760 годзе ў Стамбуле на польскай мове зь вялікім дамешкам мовы беларускай. Гэта раман эпохі барока, са шматслоўнымі загалоўкамі і апісаньнямі.

Напрыклад, адзін з разьдзелаў пачынаецца сапраўднай барочнай фразай:

«Апісаньне дарогі ў Ерусалім; я з ласкі Божае ведаючы гэтую дарогу, хачу праўдзіва апісаць лёгкасьць падарожжа ў Ерусалім». (Пераклад Міколы Хаўстовіча)

У рамане Салямэі шмат шчырасьці. Яна не хавае здрады мужа, расказвае пра сваіх каханкаў і пра тое, як яны яе выкарыстоўвалі і нават рабавалі, як адзін зь іх забіў яе сына, закрыўшы хлопчыка ў халодным склепе. Але мяне ў рамане прывабліваюць іншыя рэчы.

Напрыклад, было цікава прачытаць, як яна выкупіла з расейскага палону знатных турэцкіх нявольнікаў і везла іх праз Рэвель. Там яна спынілася на начлег у карчме. Старая служанка, родам зь Вільні, пачуўшы, як Салямэя размаўляе са сваім слугамі, пазнала родную мову і папярэдзіла падарожнікаў, што іх зьбіраюцца абрабаваць і забіць. Нацыянальная салідарнасьць уратавала Салямэі жыцьцё

У іншым месцы Салямэя расказвае пра норавы немцаў і аўстрыйцаў і параўноўвае іх з норавамі жыхароў Рэчы Паспалітае і Расеі. І прыходзіць да высновы, што палякі і расейцы беларусам бліжэй, а немцы — скнары і эканомяць на ўсім. Напрыклад, распальваюць у печы, і як толькі яна троху нагрэецца, тут жа выцягваюць назад дровы і тушаць іх.

За сваё жыцьцё Салямэя ня раз была схопленая ў палон чужынцамі, хітрыкамі вызвалялася або ўцякала, здаралася, яе выкупляў сын. Яна апраналася у мужчынскую вопратку, працавала ў гарэме турэцкага пашы, прарывалася на санях празь мяжу, апрануўшыся знатнай дамай, урывалася ў палацы царскіх саноўнкаў, і выпівала цэлыя бутэлькі сваіх лекаў, каб пераканаць пацыентаў, што гэта не атрута.

Сын Салямэі Станіслаў быў дыпляматам Рэчы Паспалітай, а ўнук Вінцэнт стаў расейскім генэралам і браў удзел у Крымскай вайне.

Гісторык беларускай мэдыцыны Валянцін Грыцкевіч сьцьвярджаў, што паводле авантурнасьці і разнастайных прыгодаў свайго жыцьця беларуская лекарка Салямэя Русецкая (Пільштынова) не саступае славутым эўрапейскім авантурыстам XVIII стагодзьдзя — Сэн-Жэрмэну, Казанове, Каліёстру або беларускам картачнаму шулеру Міхалу Валіцкаму.

Але ня гэта галоўнае ў яе лёсе і даробку. Яе раман багаты на трапныя назіраньні за бытам і норавамі розных народаў Эўропы, параўнаньнем іх культураў і псыхалёгіі, геаграфічнымі апісаньнямі. Зьдзіўляе шчырая прыхільнасьць і сымпатыя, зь якой яна апісвае іншыя краіны і іх насельнікаў. Гэта сьведчыць пра яе прыродны дэмакратызм.

І ўсё гэта яна стварыла на тагачаснай літаратурнай мове Беларусі, а значыць найперш для нашых продкаў. Таму мы з поўным правам можам называць яе выдатнай беларускай асьветніцай XVIII стагодзьдзя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG