Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбітныя лекары Беларусі: выведнік паўстаньня Габрыэль Есьман


Выява Габрыэля Есьмана са старога здымку на фоне малюнку паўстанцкага атраду.

Да нядаўняга часу імя гэтага чалавека было невядомае беларускім гісторыкам. Але ягоны лёс, як і лёс ягонага сына, — каштоўная ілюстрацыя да нацыянальнага зьместу паўстаньня 1863–1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Стары здымак

У студзені 1863 году, за некалькі тыдняў да пачатку паўстаньня, у Менску быў зроблены здымак, на якім зафіксавана 19 чалавек, у тым ліку Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і яго дачка Каміла. Дзесяць зь іх апранутыя ў сьвіткі і паўстанцкія сьвіткі — чамаркі. Гэтак тагачасная моладзь падкрэсьлівала сваю сувязь зь беларускім народам.

Гісторык Генадзь Кісялёў усё жыцьцё стараўся ідэнтыфікаваць герояў гэтага калектыўнага партрэту. Сярод іх ёсьць ня толькі станоўчыя пэрсанажы. Напрыклад, чацьвёртым справа сядзіць Вітаўт Парфяновіч, які праз год пасьля арышту ня вытрымае допытаў і выдасьць імя кіраўніка паўстаньня і паўстанцкі пароль «Каго любіш? — Люблю Беларусь. — То ўзаемна».

Як высьветліў Генадзь Кісялёў, якраз побач з Парфяновічам, трэцім справа, таксама ў чамарцы, сядзіць лекар зь Вялейкі Габрыэль Есьман.

Лекар-выведнік

Ён нарадзіўся ў 1837 годзе. Паводле адных зьвестак — на Вялейшчыне, паводле іншых — у мястэчку Есьманы (або Эйсмоны) у паўднёва-ўсходняй частцы Барысаўскага павету Менскай губэрні. Скончыў менскую гімназію і мэдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. На здымку яму 25 гадоў.

Пасьля пачатку паўстаньня лекар апынуўся ў невялікім паўстанцкім атрадзе, адным з кіраўнікоў якога быў Вінцэнт Адынец. Атрад дзейнічаў на Вялейшчыне. У атрадзе лекар ня толькі лячыў паўстанцаў. Ён быў яшчэ выведнікам. Есьман пайшоў у паўстаньне разам са сваім фурманам і лекарскай брычкай. Гэта давала яму магчымасьць езьдзіць па навакольных вёсках з выведнымі мэтамі.

Ніхто з атраду Адынца лекара ня выдаў. Таму пасьля паразы паўстаньня Есьман застаўся ў Вялейцы і ў 1866 годзе нават быў прызначаны вялейскім павятовым лекарам. Там у яго нарадзіліся два сыны.

У 1870 годзе Есьман пераехаў у Менск — цэнтар тагачаснай культуры краю, каб быць бліжэй да паплечнікаў, у тым ліку да Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і людзей зь яго атачэньня.

Жылі Есьманы спачатку на Захараўскай вуліцы каля лютэранскай кірхі, а пасьля на вуліцы Падгорнай. У Менску Габрыэль Есьман да сьмерці ў 1896 годзе меў прыватную лекарскую практыку. Прычынай яго сьмерці ў 59 гадоў сталі сухоты. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

Якія погляды паўстанец перадаў дзецям

Здаецца, гэта ўсё, што мы пра яго ведаем. Але зь небагатага набору фактаў ягонай біяграфіі, а таксама зь біяграфіі ягонага сына Язэпа можна зрабіць некаторыя высновы, якія яшчэ раз нагадаюць нам пра беларускі нацыянальны зьмест паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Акадэмік Язэп Есьман
Акадэмік Язэп Есьман


Сын Габрыэля Есьмана Язэп, які нарадзіўся ў Вялейцы ў 1868 годзе, стаў вядомым расейскім, а пасьля савецкім інжынэрам і навукоўцам у галіне гідраўлікі, быў рэктарам Бакінскага ўнівэрсытэту, акадэмікам Акадэміі навук Азэрбайджанскай ССР, пражыў 87 гадоў і памёр у Баку ў 1955 годзе.

І вось цікавая дэталь, якая безумоўна сьведчыць пра нацыянальныя погляды ягонага бацькі, пра выхаваньне, якое той даў дзецям, і пра атмасфэру ў Менску ў другой палове ХІХ стагодзьдзя.

У 90-я гады ХХ стагодзьдзя вядомы польскі гісторык, прафэсар Анджэй Хадубскі з Гданьску напісаў працу пад назвай «Цывілізацыйная роля беларусаў на Каўказе ў ХІХ — першай палове ХХ стагодзьдзяў». І вось там, расказваючы пра сына паўстанца, акадэміка Язэпа Есьмана, Анджэй Хадубскі піша:

«Працуючы ў Азэрбайджане, Есьман падкрэсьліваў сваю сувязь зь Беларусьсю. Ахвотна наведваў Бацькаўшчыну. У сваім асяродзьдзі ці ў час кантактаў са знаёмымі беларусамі карыстаўся беларускай мовай».

Бачыце, якая тут, амаль праз стагодзьдзе, праяўляецца повязь з ідэямі лідэра паўстаньня 1863–1864 гадоў. Гэтыя ідэі, як мы бачым і разумеем, горача падтрымліваў бацька акадэміка, менскі лекар Габрыэль Есьман.

Вось такое выхаваньне сваім дзецям давалі людзі з кола Дуніна-Марцінкевіча — паўстанцы Каліноўскага.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG