Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбітныя лекары Беларусі: Цэлястын Цеханоўскі


Цэлястын Цеханоўскі
Цэлястын Цеханоўскі

Сёньня да лекараў прыцягнутая ўвага грамадзтва за іх самаадданасьць і вернасьць прафэсіі. І так было заўсёды. Многія лекары пакінулі выдатны сьлед у гісторыі Беларусі і іншых краін. Сёньня аповед пра аднаго зь іх — Цэлястына Цеханоўскага.

Навучаньне

Ён нарадзіўся ў шляхецкай сям’і ў маёнтку Горлава Чавускага павету Магілёўскай губэрні ў 1835 годзе. Пасьля заканчэньня магілёўскай гімназіі вучыўся ў Варшаўскай мэдыка-хірургічнай акадэміі і Маскоўскім унівэрсытэце.

Падчас навучаньня стаў паплечнікам Кастуся Каліноўскага, уваходзіў у студэнцкую арганізацыю «Огул». Атрымаўшы дыплём, працаваў лекарам у Горадні.

Удзел у паўстаньні

На пачатку 1863 году Каліноўскі прызначыў Цеханоўскага паўстанцкім начальнікам Горадні. Але той ня толькі кіраваў паўстанцкімі структурамі, але і лячыў паўстанцаў. Якраз падчас аказаньня мэдычнай дапамогі параненым паўстанцам Цэлястын Цеханоўскі і быў арыштаваны ў жніўні 1863 году.

У лістападзе яго асудзілі на 20 гадоў катаргі, паводле іншых зьвестак — на пажыцьцёвую катаргу. Праз два з паловай гады цяжкіх этапаў і працы катаржнікам на будоўлі, у 1866 годзе, ён трапіў у пасёлак Аляксандраўскае пад Іркуцкам. Там была фабрыка, на якой працавалі вязьні.

Цеханоўскі пачаў добраахвотна лячыць іншых вязьняў і катаржнікаў.

Адмова зьняць кайданы

Нашаму суайчыньніку спрыяў начальнік турмы Аляксандар Сіпігін, пры дапамозе якога Цеханоўскі здолеў палепшыць гігіенічныя ўмовы жыцьця вязьняў, а пасьля пачаў лячыць і вольных жыхароў Аляксандраўскага і навакольных вёсак. У вёскі да хворых ён хадзіў пешкі ў кайданах і пад канвоем.

Цеханоўскага так палюбілі мясцовыя жыхары, што праз год яму было дазволена зьняць кайданы. Але на знак салідарнасьці з закутымі ў жалеза ўдзельнікамі паўстаньня — сваімі таварышамі, ён адмовіўся ад прапановы і застаўся ў кайданах.

Празь пяць гадоў, у 1872 годзе, яго нарэшце прызначылі штатным лекарам Аляксандраўскай турмы, і толькі тады ён зьняў зь сябе кайданы. На волю Цеханоўскі выйшаў роўна праз 20 гадоў зьняволеньня, у 1883 годзе, атрымаўшы дазвол на вольнае пасяленьне ў Іркуцку.

Лекар для бедных

Ён ажаніўся з расейкай Тацянай Яршовай, у іх нарадзілася сямёра дзяцей.

У невялікім драўляным дамку Цэлястын Цеханоўскі заснаваў амбуляторыю, у якой лячыў найбяднейшых жыхароў гораду і навакольля.

У 1905 годзе адзін з гарадзкіх дэпутатаў зьвярнуўся да іркуцкай думы з прапановай прызначыць 70-гадоваму лекару, былому катаржаніну дзяржаўную пэнсію. Дума згадзілася і пэнсію прызначыла. Але Цэлястын Цеханоўскі адмовіўся ад гэтай пэнсіі, як некалі і ад зьняцьця кайданоў.

Праз год ён памёр, не перажыўшы трагічнай весткі пра сьмерць сына Міхаіла, засечанага казакамі ў Маскве падчас дэманстрацыі.

У расейскім Іркуцку захоўваецца памяць пра яго. Дом, у якім жыў Цеханоўскі, значыцца ў сьпісе гарадзкіх помнікаў Іркуцку. Адны там лічаць нашага суайчыньніка палякам, іншыя беларусам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG