Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбітныя лекары Беларусі: тройчы ўцякач Францішак Савіч


Вільня ў ХІХ стагодзьдзі. Справа — бераг ракі Церак у 1839 годзе.
Вільня ў ХІХ стагодзьдзі. Справа — бераг ракі Церак у 1839 годзе.

У гісторыю Беларусі і беларускай літаратуры навечна ўпісаны адзін зь першых беларускіх паэтаў ХІХ стагодзьдзя, выпускнік Віленскай мэдыка-хірургічнай акадэміі Францішак Савіч, які тройчы ўцякаў з расейскага зьняволеньня і загінуў у змаганьні з эпідэміяй халеры.

Ён нарадзіўся ў 1815 годзе ў вёсцы Вяляцічы непадалёк ад Пінску ў сям’і беларускага ўніяцкага сьвятара Андрэя Савіча. Бацька рана памёр, таму Францішак паступіў у Пінскае павятовае вучылішча на казённы кошт. Але грошай не хапала, і ён зарабляў прыватнымі ўрокамі.

У 1833 годзе ён з адзнакай скончыў вучылішча і паступіў у Віленскую мэдыка-хірургічную акадэмію, таксама на казённы кошт.

Патрыятычны пратэст

Студэнт Савіч вельмі востра адчуваў несправядлівае сацыяльнае ўладкаваньне Расеі, асабліва рабскае становішча прыгонных сялян. Таксама востра ён адчуваў і нацыянальны прыгнёт з боку Расеі, якая ня так даўно разам зь іншымі дзяржавамі ліквідавала незалежнасьць Рэчы Паспалітай.

Таму малады Францішак Савіч утварыў у Вільні падпольнае «Дэмакратычнае таварыства», у якое ўваходзілі каля 60 студэнтаў і віленскіх мяшчан, і ўзначаліў яго.

Сярод асноўных пунктаў прапаганды «Дэмакратычнага таварыства» былі адмена прыгону і павага да нацыянальнай годнасьці кожнага народу.

Сьледзтва і суд

У 1838 годзе падпольнае таварыства Савіча было выкрытае, яго лідэра і ўдзельнікаў арыштавалі. Сьледзтва з карцэрамі, катаваньнямі, голадам і пабоямі цягнулася восем месяцаў. Францішак Савіч падлічыў, што за гэты час ён атрымаў каля дванаццаці тысяч удараў розгамі.

Нарэшце быў абвешчаны прысуд васямнаццаці студэнтам-мэдыкам і шасьці мяшчанам. Сам Савіч і два ягоныя найбліжэйшыя паплечнікі былі сасланыя на Каўказ у салдаты бяз права выслугі ў афіцэры, астатнія — з правам выслугі.

Выгнаньне і ўцёкі

Трапіўшы ў Тыфліс, Савіч уцёк першы раз, але яго злавілі. Другі раз ён уцёк з Кізьляру, інсцэніраваўшы самагубства на беразе ракі Церак. Гэта было ў 1840 годзе.

Савіч амаль год пешкі дабіраўся да Таганрогу, каб адтуль морам уцячы за мяжу. Але ў Таганрогу яму параілі перабрацца праз расейска-малдаўскую мяжу па сушы, бо караблі пільна правяраліся.

На мяжы яго паводле зьнешнасьці вылучылі з натоўпу цыганоў і затрымалі. Два гады ён праседзеў у турме, не назваўшы свайго імя, а пасьля зноў быў аддадзены ў салдаты ў Чарнігаўскую губэрню. Але Савіч уцёк і адтуль. Гэта былі яго трэція ўцёкі.

Ён дабраўся да Кіева, здабыў дакумэнты на імя доктара Геле і затрымаўся ў мястэчку Янушполе непадалёк ад мяжы, дзе пачаў лекарскую практыку. У 1845 годзе там здарылася эпідэмія халеры, доктар пачаў зь ёй змагацца, захварэў сам і памёр. Яму было 30 гадоў.

Ці чытаў Каліноўскі Савіча

Перад сьмерцю ён здолеў перадаць мясцоваму польскаму паэту Аляксандру Грозе свае мэмуары. Ягоныя тэксты былі апублікаваныя толькі ў 1882 годзе ў Львове ў кнізе Эдварда Паўловіча «Успаміны з-над Віліі і Нёмана», выдадзенай па-польску.

Але здаецца, што ягоны адзіны вядомы на сёньня беларускі верш, напісаны ў 30-я гады ХІХ стагодзьдзя, задоўга да львоўскай публікацыі, бачыў і чытаў іншы выдатны рэвалюцыянэр і палітык, заснавальнік мадэрнай Беларусі Кастусь Каліноўскі.

Савіч у пачатку свайго верша пісаў:

Дзе ж тое шчасьце падзелася?
Дзе глянеш, людзі брашчаць ланцугамі.
Дзе кінеш — сьлёзы, аж жыці няміла,
Бо з чалавека высысваюць сілы...

Вось гэты беларускі выгук «Дзе ж тое шчасьце падзелася?», відаць, запомніўся Кастусю Каліноўскаму. І ён, будучы ў турме, пачаў свой верш да каханай дзяўчыны словамі:

Марыська чарнабрэва, галубка мая,
Гдзе ж ся падзела шчасьце і ясна доля твая?
Усё прайшло, — прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч у грудзях застала.

Паралелі відавочныя.

Ад Францішка Савіча не засталося нават партрэтнай выявы. Ёсьць толькі ягоны верш, мэмуары і названая ў гонар нашага паэта вуліца Савічаўс у Старым горадзе Вільні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG