Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У галіне правоў чалавека — стагнацыя». Нямецкі чыноўнік пра Беларусь перад выбарамі 


Будынак Бундэстагу ў Бэрліне

У надзвычайных умовах пандэміі пры правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў асабліва важна захоўваць асноўныя дэмакратычныя прынцыпы. Такую думку выказаў у інтэрвію БелаПАН упаўнаважаны ўраду Нямеччыны ў адносінах з краінамі былога СССР Дырк Візэ.

Нямеччына занепакоеная арыштамі журналістаў, відэаблогераў, удзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі. Права на свабоду слова, аб’яднаньняў і сходаў ёсьць «базавай неабходнасьцю для дэмакратычнага грамадзтва», падкрэсьліў Дырк Візэ.

«Яны не павінны неапраўдана абмяжоўвацца. Нямеччына гатовая дапамагчы ў гэтым як парадамі, так і дзеяньнямі. У надзвычайных умовах пандэміі, у якіх 9 жніўня пройдуць прэзыдэнцкія выбары, асабліва важна захаваньне асноўных дэмакратычных прынцыпаў», — дадаў прадстаўнік нямецкага ўраду.

Візэ адзначыў, што за апошнія гады ў Беларусі прыкметна вырасла гатоўнасьць займацца ў рамках міжнароднага дыялёгу пытаньнямі правоў чалавека, дэмакратыі і прававой дзяржавы. Важную ролю адыгрывае штогадовы Менскі форум. У той жа час нямецкі бок чакае, што гэтая гатоўнасьць знойдзе рэалізацыю ў канкрэтных захадах і рэформах. Пакуль у гэтым пляне пэўная стагнацыя, заявіў Візэ.

Тым ня менш за апошнія 10 гадоў у дачыненьнях паміж дзьвюма краінамі адбыліся істотныя зьмены, зазначыў чыноўнік. Калі да таго стасункі былі практычна замарожаныя, то з вызваленьнем апошніх палітзьняволеных у жніўні 2014 году адкрыліся новыя магчымасьці для збліжэньня. Кульмінацыяй, без сумневу, стаў візыт у Беларусь прэзыдэнта Фэдэратыўнай Рэспублікі Франка-Вальтэра Штайнмаера ў 2018 годзе.

Па словах Візэ, Беларусь вылучаецца сярод былых саюзных рэспублік палітычнай дынамікай пакрокавага адкрыцьця для Эўразьвязу, а таксама агульнай дывэрсыфікацыяй замежнай палітыкі. Краіна мае выдатныя перадумовы, каб працягваць ісьці гэтым кірункам, лічыць упаўнаважаны ўраду Нямеччыны ў адносінах з краінамі былога СССР Дырк Візэ.

Пры гэтым, на яго думку, яшчэ існуюць перашкоды на шляху да больш эфэктыўнай супрацы. Інвэстыцыям часта перашкаджае няпэўнасьць у прававых гарантыях, а палітычны лад па-ранейшаму азмрочаны ўжываньнем сьмяротнага пакараньня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG