Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хварэюць і мэдыкі, і пацыенты». Што адбываецца ў доме-інтэрнаце для старых і інвалідаў на Гомельшчыне


Уваравіцкі псыханэўралягічны дом-інтэрнат для старых і інвалідаў
Уваравіцкі псыханэўралягічны дом-інтэрнат для старых і інвалідаў

Ва Ўваравіцкім псыханэўралягічным доме-інтэрнаце для старых і інвалідаў выбух каранавірусу. Так сьцьвярджаюць мясцовыя жыхары і пэрсанал установы. Афіцыйна ў гэтым інтэрнаце сытуацыі не камэнтуюць.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Свабода наведала Ўваравічы пад Буда-Кашалёвам. У самім райцэнтры Гомельскай вобласьці хварэлі супрацоўнікі раённай лякарні. Двое зь іх памерлі — 45-гадовая супрацоўніца «хуткай» і 36-гадовы праграміст установы.

У цэнтры гарадзкога пасёлку Ўваравічы сустракаем 75-гадовую пэнсіянэрку. Яе дачка працуе санітаркай у доме-інтэрнаце. Цяпер яна на самаізаляцыі дома, бо хварэе, паводле маці, «няцяжка».

«Там шмат людзей пахварэлі. І „лежакі“ (ляжачыя хворыя. — РС), і мэдыкі. А куды дзенесься? Дзе ў нас праца іншая ёсьць ва Ўваравічах? Звольніцца дачка, а ёй 50 гадоў, і куды ёй ісьці? Яна хоць і працавала, як касманаўт, ва ўсіх ахоўных сродках, ды ўсё роўна заразілася. Бо ў яе непасрэдны кантакт быў зь ляжачымі — іх жа трэба памыць, пакарміць! Во цяпер нашу ёй ежу, пад дзьверы стаўлю. Пройдзе самаізаляцыя — зноў на працу вяртацца. А хіба гэтая зараза суцішыцца?» — разважае жыхарка пасёлку.

Яна кажа, што 75 гадоў пражылі мірна, а тут «зноў вайна на нас». «Колькі той нашай Беларусі? Хіба нельга было яе абняць, карантын увесьці? Расея вунь якая вялікая — і то карантын увялі», — дадае пэнсіянэрка.

Псыханэўралягічны інтэрнат знаходзіцца на ўскрайку гарадзкога пасёлку. Ля зачыненай брамы дзяжураць супрацоўнікі інтэрнату ў масках. Выходзіць дырэктар Вячаслаў Кавалёк. І сыходзіць — адмаўляецца ад камэнтароў. «Усе пытаньні пра хваробы — да аховы здароўя», — кідае на разьвітаньне ён.

Адзін з супрацоўнікаў інтэрнату гаворыць на ўмовах ананімнасьці, што «хварэюць усе павальна!». Тыя, хто лёгка, застаюцца ў інтэрнаце, у каго пнэўманія — вязуць у буда-кашалёўскую лякарню.

Ва Ўваравіцкай пасялковай лякарні нядаўна памёр 55-гадовы кіроўца «хуткай». Ягоныя калегі запэўніваюць, што не ад каранавірусу, «ад сэрца». «Вярнуўся з выкліку на падстанцыю, падымаўся на другі паверх і памёр», — кажуць калегі.

Яны сьцьвярджаюць, што сярод пэрсаналу лякарні было некалькі выпадкаў COVID-19, але ўсё паправіліся, цяпер там «чыста».

Неафіцыйна работнікі пасялковай лякарні расказалі, што ў доме-інтэрнаце сапраўды шмат выпадкаў каранавірусу, але цяпер сытуацыю ўзялі пад кантроль.

«Падзялілі палаты на „чыстыя“ і „брудныя“. Многія пераносяць хваробу без сымптомаў. Ёсьць пнэўманіі, але зь імі адпраўляюць не да нас, а ў Буда-Кашалёва. Спачатку не было сродкаў засьцярогі, таму і пэрсанал хварэў. А цяпер усяго хапае», — запэўніваюць супрацоўнікі лякарні.

У публікацыі на сайце раённай газэты «Авангард» дырэктар дому-інтэрнату пра выпадкі COVID-19 не гаворыць, аднак зазначае, што «каранавірус унёс свае карэктывы ў распарадак працы».

Паводле дырэктара, увесь абслуговы пэрсанал перавялі на вахтавы мэтад працы.

«Працуем у дзьве зьмены, кожная па 26 чалавек. На працягу двух тыдняў супрацоўнікі працуюць і жывуць тут жа. Пры гэтым у дзень, калі работнік заступае на вахту і пакідае яе, яго ў абавязковым парадку абсьледуюць мэдработнікі. Усе супрацоўнікі працуюць у ахоўных касьцюмах, масках, пальчатках. Дарэчы, сродкамі засьцярогі ўстанова забясьпечаная цалкам», — патлумачыў Вячаслаў Кавалёк.

Дырэктар кажа, што тройчы на дзень пастаяльцам мераюць тэмпэратуру. Пры скаргах на недамаганьне ці заўважыўшы прыкметы рэсьпіраторных захворваньняў, выклікаюць «хуткую».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG