Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы селі гуляць з шулерамі», — Марына Адамовіч пра нерэгістрацыю ЦВК яе ініцыятыўнай групы


Марына Адамовіч, архіўнае фота

Жонка палітыка Міколы Статкевіча, «кандыдатка пратэсту» ​Марына Адамовіч пракамэнтавала Свабодзе рашэньне ЦВК адмовіць у рэгістрацыі яе ініцыятыўнай групе, а таксама агулам 22 з 23 ініцыятыўных груп па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі.

«Сёньня не зарэгістравалі нікога, хто прыходзіў пэрсанальна на разгляд сваіх справаў у камісію. Фармальныя нагоды былі абсалютна стандартныя. „Яны“ ня вельмі сябе абцяжарвалі. У тым ліку не ўлічылі паказаньні людзей аб тым, што яны ўваходзілі ва ўсе ініцыятыўныя групы кандыдатаў пратэсту», — тлумачыць Марына Адамовіч.

На пытаньне, якімі будуць наступныя дзеяньні групы «кандыдатаў пратэсту», Марына Адамовіч адказала:

«Мы селі гуляць з шулерамі. Ня мелі ілюзій аб тым, як гэтая гульня скончыцца. Нашая тактыка на парлямэнцкіх выбарах была вельмі эфэктыўнай, гэта не магло іх не напужаць. Але мы выкарыстаем усе легальныя спосабы давесьці сваю рацыю.

Цяпер мы падаем скаргі ў Вярхоўны суд — скаргі на нерэгістрацыю і незаконныя мэтады ўплыву на людзей, якія далі згоду ўвайсьці ў ініцыятыўныя групы. І, безумоўна, скаргі на тое, што спадарыня Ярмошына, як высьветлілася, за 25 гадоў знаходжаньня на гэтай пасадзе так і ня вывучыла Выбарчы кодэкс. У прыватнасьці, частка 4-я 61-га артыкулу не дазваляе ЦВК правяраць на этапе рэгістрацыі ініцыятыўнай групы правільнасьць вылучэньня кандыдатаў. Такое права ў іх зьяўляецца ўжо толькі пасьля збору подпісаў», — мяркуе Марына Статкевіч.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі 19 і 20 траўня разглядае рэшту заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. З 55 пададзеных раней адхілілі 10: Зялкоўскага, Ціханоўскага і 8 «кандыдатаў пратэсту». За 19 траўня разглядзелі 23 заяўкі, ухвалілі адну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG