Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абвінавацілі кітайскіх хакераў у крадзяжы дасьледаваньняў у галіне COVID-19


Ілюстрацыйнае фота

Зьвязаныя з Кітаем хакеры ўзломваюць сеткі амэрыканскіх арганізацый, якія займаюцца дасьледаваньнямі COVID-19. Пра гэта ў сераду паведамілі прадстаўнікі Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў (ФБР) і Міністэрства ўнутранай бясьпекі Злучаных Штатаў.

У сумеснай заяве абодвух ведамстваў гаворыцца, што ФБР расьсьледуе атакі, зробленыя зьвязанымі з Кітаем кібэрзлачынцамі на амэрыканскія арганізацыі, з мэтай «выяўленьня і незаконнага атрыманьня каштоўнай інтэлектуальнай уласнасьці», а таксама інфармацыі, якая тычыцца распрацоўкі вакцын, лячэньня і тэставаньня COVID-19, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У паведамленьні няма ніякіх дадатковых зьвестак пра хакераў і арганізацый, сеткі якіх былі ўзламаныя.

Пасольства КНР у Вашынгтоне назвала абвінавачваньні «лжывымі», «бяздоказнымі» і заснаванымі на «прэзумпцыі вінаватасьці». У кітайскай дыпляматычнай місіі лічаць, што выстаўленыя абвінавачаньні «шкодзяць міжнароднаму супрацоўніцтву ў барацьбе з пандэміяй».

Дасьледаваньні і дадзеныя, зьвязаныя з вывучэньнем каранавірусу, у апошні час сталі адным з ключавых прыярытэтаў хакераў. Заходняя выведніцкая супольнасьць ужо неаднаразова паведамляла пра напады, учыненыя на мэдыцынскія і фармацэўтычныя арганізацыі.

У асобнай заяве, апублікаванай раней у сераду, кіраўнік новазэляндзкага выведнага агенцтва асудзіў любыя спробы кібэратак на арганізацыі, якія займаюцца вывучэньнем COVID-19.

«Мы заклікаем [...] устрымацца ад дзеяньняў, якія могуць паставіць пад пагрозу нацыянальныя або міжнародныя захады рэагаваньня на пандэмію COVID-19», — сказаў Эндру Гэмптан, генэральны дырэктар Бюро забесьпячэньня сакрэтнасьці ўрадавай сувязі Новай Зэляндыі.

На мінулым тыдні агенцтва Reuters паведаміла, што зьвязаныя з Іранам кібэршпіёны датычныя да ўзлому кампутараў супрацоўнікаў амэрыканскай фармацэўтычнай кампаніі Gilead Sciences, якая займаецца вытворчасьцю рэмдэсывіру — адзіных лекаў, чыя эфэктыўнасьць была даказаная для лячэньня пацыентаў з COVID-19.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG