Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы Кітаю папярэдзілі аб жорсткай канфрантацыі паміж Пэкінам і Захадам з прычыны каранавірусу


Сытуацыя вакол пандэміі каранавірусу і яе наступстваў можа прывесьці да канфрантацыі паміж ЗША і Кітаем і да росту варожых настрояў у сьвеце адносна Пэкіну. Пра гэта гаворыцца ў сакрэтным дакладзе кітайскіх спэцслужбаў для кіраўніцтва КНР, зьмест якога стаў вядомы агенцтву Reuters.

У дакладзе, падрыхтаваным экспэртамі інстытуту пры Міністэрстве дзяржбясьпекі Кітаю, падкрэсьліваецца, што стаўленьне да Кітаю ў сьвеце дасягнула ў апошні час такой жа нэгатыўнай адзнакі, як пасьля жорсткага разгону пратэстаў на плошчы Т'яньаньмэнь у 1989 годзе.

У дакумэнце таксама гаворыцца, што антыкітайскія настроі, якія ўзмацніліся ў сувязі з эпідэміяй, могуць прывесьці да таго, што шэраг краін пачнуць супраціўляцца рэалізацыі кітайскіх міжнародных праектаў, у тым ліку інфраструктурнага праекту «Адзін пояс, адзін шлях» у Эўразіі, а Вашынгтон можа ўзмацніць падтрымку сваіх саюзьнікаў і канкурэнтаў Кітаю ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі.

МЗС Кітаю адмовіўся камэнтаваць паведамленьне.

Адносіны паміж ЗША і Кітаем, і без таго напружаныя з прычыны «гандлёвых войнаў» і супрацьлеглых трактовак бакамі падзей у Ганконгу і Паўднёва-Кітайскім моры, яшчэ больш абвастрыліся пасьля пачатку эпідэміі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп усклаў на Кітай адказнасьць за ўтойваньне дадзеных пра зьяўленьне і распаўсюд каранавірусу.

Дзяржсакратар Майк Пампэо напярэдадні заявіў, што распаўсюд вірусу мог пачацца з уцечкі зь лябараторыі ў кітайскім горадзе Ўхань. Кітай магчымую ўцечку катэгарычна адмаўляе.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

  • Агенцтва Associated Press, спаслаўшыся на даклад Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША, паведаміла ў панядзелак, што ў амэрыканскім кіраўніцтве не выключаюць, што Кітай імкнуўся схаваць маштабы ўспышкі каранавірусу і ступень яго небясьпекі, таемна назапашваючы пры гэтым сродкі абароны і мэдычныя прэпараты.
  • Новы каранавірус зьявіўся ў Кітаі ў мінулым годзе. Крыніцай заражэньня ім людзей кітайскія ўлады называлі рынак морапрадуктаў ва Ўхані. З тых часоў ахвярамі COVID-19 па ўсім сьвеце сталі, паводле апошніх зьвестак, каля 248 з паловай тысяч чалавек. Колькасьць заражаных вірусам перавысіла тры з паловай мільёны.
  • У пяцёрцы найбольш пацярпелых краін — ЗША, Гішпанія, Італія, Вялікая Брытанія і Францыя. Расея — на сёмым месцы. У Кітаі тых, хто захварэў, афіцыйна каля 83 тысяч, памерлі больш за 4 з паловай тысячы чалавек. Прэзыдэнт ЗША, дзе ахвярамі каранавірусу сталі больш за 68,5 тысячы, а колькасьць тых, хто заразіўся, набліжаецца да аднаго мільёна 200 тысячаў, ня раз выказваў сумневы адносна афіцыйнай кітайскай статыстыкі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG