Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер зрабіў вірус для чалавека». Кансьпіралёгія супраць Біла Гейтса


Мэлінда і Біл Гейтсы ў мэдычным цэнтры, дзе робяць прышчэпкі супраць малярыі, Мазамбік, 2003
Мэлінда і Біл Гейтсы ў мэдычным цэнтры, дзе робяць прышчэпкі супраць малярыі, Мазамбік, 2003

Прадпрымальнік і філянтроп Біл Гейтс стаў мішэньню шматлікіх прыхільнікаў тэорыі змовы. Яго выкрываюць блогеры, тэлевядоўца і нават былы дарадца прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Роджэр Стоўн — з-за турэмных кратаў.

Пра гэта піша карэспандэнт Свабоды ў ЗША Ўладзімір Абарынаў.

На днях Роджэр Стоўн, які адбывае 40 месяцаў пазбаўленьня волі за лжэсьведчаньне пра свой удзел у недаказанай змове перадвыбарчага штабу Трампа з Крамлём, даў радыёінтэрвію, у якім пагаварыў і пра каранавірус. Стоўн ня быў бы самім сабой, калі б не закрануў вэрсію яго штучнага паходжаньня.

— Ці адыграў Біл Гейтс якую-небудзь ролю ў стварэньні і распаўсюдзе вірусу — адкрытае пытаньне для бурных дэбатаў. У мяне ёсьць сябры-кансэрватары, якія кажуць, што гэта сьмешна, і іншыя, якія абсалютна ўпэўнены ў гэтым. Але вось што я ведаю напэўна. Ён і іншыя глябалісты відавочна карыстаюцца ім для прымусовай вакцынацыі і ўжыўленьня людзям мікрачыпаў, каб адзначаць тых, хто прайшоў тэставаньне. Толькі праз мой труп. Прымусовая вакцынацыя? Ні за што на сьвеце!

Пра што ідзе гаворка? Адкуль узялася вэрсія пра ўдзел Біла Гейтса ў стварэньні і пашырэньні каранавірусу? Якія мікрачыпы ён зьбіраецца ўжыўляць?

Першакрыніцай гэтай тэорыі змовы стаў артыкул у рэспэктабэльным выданьні Politico, апублікаваны ў траўні 2017 году пад назвай «Знаёмцеся: Біл Гейтс, самы магутны ў сьвеце лекар». Сутнасьць артыкулу палягала ў тым, што дабрачынны Фонд Біла і Мэлінды Гейтсаў, трэцім апекуном якога зьяўляецца мільярдэр Уорэн Бафэт, дзякуючы сваім шчодрым унёскам фактычна ўзяў пад кантроль Сусьветную арганізацыю здароўя. Аўтары артыкулу, эўрапейскія карэспандэнты Politico Наталі Ўэ і Кармэн Пон, сьцьвярджалі:

— За апошняе дзесяцігодзьдзе самы багаты чалавек сьвету стаў другім найбуйнейшым донарам САЗ, саступаючы толькі Злучаным Штатам і апярэдзіўшы Злучанае Каралеўства. Такая шчодрасьць дала яму надзвычайны ўплыў — уплыў, які можа ўзрасьці, паколькі ЗША і Вялікая Брытанія пагражаюць скараціць фінансаваньне, калі арганізацыя ня знойдзе лепшага ўжываньня сродкам.

Карыстаючыся сваім уплывам, Біл Гейтс быццам бы дамагаецца накіраваньня непрапарцыйна вялікіх рэсурсаў на масавую вакцынацыю насельніцтва бедных краін сьвету на шкоду іншым праграмам САЗ. Арганізацыя літаральна па крупінках зьбірае грошы на паляпшэньне аховы здароўя ў гэтых краінах, каб падрыхтаваць іх да будучых эпідэмій, пісалі Ўэ і Пон. Яны спасылаюцца на ананімныя крыніцы (адкрыта пярэчыць Гейтсу, маўляў, ніхто з супрацоўнікаў САЗ не адважваецца), якія кажуць, што Фонд Гейтса «занадта блізкі» з вытворцамі вакцын.

У артыкуле таксама гаворыцца, што чатырма гадамі раней САЗ зьмяніла працэдуру прыняцьця бюджэту, і цяпер грошы вылучаюцца толькі на праекты, ухваленыя ўсімі 194 краінамі-чальцамі.

Але кансьпіролягам гэты тэкст даў аснову для нястрымных фантазій.

У красавіку 2018 году сайт Mysterious Times раскрыў д’ябальскі плян Гейтса. Аказваецца, яго вакцыны — прылада скарачэньня насельніцтва Зямлі. Масавыя прышчэпкі калечаць і забіваюць тысячы дзяцей на розных кантынэнтах, прыводзяць да бясплодзьдзя жанчын. Аўтар тэксту на Mysterious Times цытуе Гейтса: «Робячы людзей больш здаровымі, мы можам скараціць колькасьць сусьветнага насельніцтва». І называе гэтую фразу «оруэлаўскай дэмагогіяй».

На самай справе ў прыведзенай фразе варта памяняць прычыну і сьледзтва. Біл і Мэлінда Гейтсы ў лютым 2018 гаду ў сваім штогадовым пасланьні пісалі пра так званы «дэмаграфічны дывідэнд»:

Калі больш дзяцей выжываюць пасьля пяці гадоў, а маці могуць вырашаць, ці нараджаць ім яшчэ, колькасьць насельніцтва не расьце. Наесльніцтва зьніжаецца. Бацькі заводзяць менш дзяцей, калі яны ўпэўненыя, што іх дзеці стануць дарослымі.

З часам у такім грамадзтве зьмяняецца структура насельніцтва, у ім робіцца больш работнікаў і менш утрыманцаў, а гэта спрыяе эканамічнаму разьвіцьцю.

Але прыхільнікаў тэорыі змовы не падманеш. Яны выводзяць з гэтай развагі падступны мальтузіянскі плян «дэпапуляцыі» бедных краін, якія ствараюць цяжар для краін багатых.

Сёлета ў студзені кансьпіролягі капнулі глыбей і выявілі, што Фонд Гейтса «фінансаваў распрацоўку» каранавірусу COVID-19. Яны «высьветлілі» (гэтая інфармацыя агульнадаступная), што фонд супрацоўнічае з брытанскім Інстытутам Пірбрайт, які вывучае вірусы хатніх жывёл. У 2018 годзе інстытут атрымаў патэнт на выдзелены ім аслаблены штам каранавірусу, на які хварэюць куры. Але выкрывальнікі ўбачылі слова «каранавірус» — астатняе ім усё зразумела:

Гэта ўсяго толькі яшчэ адзін пераўтвораны ў зброю штам вірусу, створаны для таго, каб прадаць як мага больш бескарысных вакцын, адначасова забіваючы тысячы, а можа быць, і мільёны людзей.

Гэтая вэрсія шырока растыражаваная ў Расеі.

Натуральна, любыя публічныя выступы Гейтса на тэму вірусалёгіі ўспрымаюцца праз гэтую прызму як усё новыя пацьверджаньні злавеснай змовы. У 2015 годзе Біл Гейтс выступіў на канфэрэнцыі з папярэджаньнем аб будучых пандэміях.

— Калі што-небудзь забʼе 10 мільёнаў людзей на працягу наступных некалькіх дзесяцігодзьдзяў, гэта, хутчэй за ўсё, будзе вельмі заразны вірус, а не вайна. Не ракеты, а мікробы. Збольшага гэта адбудзецца таму, што мы ўклалі велізарныя сродкі ў ядзернае запалохваньне. Мы ўклалі вельмі мала ў сыстэму прадухіленьня эпідэмій. Мы не гатовыя да наступнай эпідэміі.

«Дык яны ведалі!» — крычаць блогеры.

Біл Гейтс перасьцерагае ад пасьпешлівага зьняцьця карантыну? Яшчэ б яму не перасьцерагаць! Бо гэта ён уклаў грошы ў распрацоўку вакцыны, ён загадаў САЗ абʼявіць распаўсюджваньне каранавірусу пандэміяй, таму пазбаўленьне ад страху яму зусім недарэчнае, піша Washington Times.

Яшчэ адзін унёсак у гэтую скарбонку:

— Біл Гейтс зрабіў грошы на стварэньні кампутарных вірусаў і антывірусаў! Цяпер робіць вірус для людзей, а потым прадае лекі!

Аглядальніца тэлекампаніі Fox News Лора Інгрэм — гарачы прапагандыст тэорыі пра «ўжыўленьне мікрачыпаў» для сачэньня і маніпуляцыі грамадзянамі. Яна палохае ёю сваіх падпісчыкаў у твітэры.

— Лічбавае сачэньне за кожным крокам амэрыканцаў гадамі было марай глябалістаў. Гэты крызіс сыстэмы аховы здароўя — ідэальны для іх спосаб прасунуць ідэю

І не забывае спытаць пра гэта госьця свайго шоў — міністра юстыцыі ЗША Ўільяма Бара.

— Біл Гейтс, Фонд Гейтса падтрымліваюць стварэньне лічбавай сэртыфікацыі, якая будзе сьведчыць, што дадзеная асоба, амэрыканскі грамадзянін, мае імунітэт да гэтага і патэнцыйна да іншых вірусаў і такім чынам будзе спрыяць аднаўленьню паездак, вяртаньню да працы і гэтак далей. Што вы думаеце пра такія ідэі з пункту гледжаньня грамадзянскіх свабодаў? Што можна сказаць пра гэтыя мэханізмы кантролю за перасоўваньнямі, якія будуць ухваленыя ў мэтах аднаўленьня ранейшых маштабаў эканомікі?

— Так, мяне вельмі непакоіць гэтая небясьпечная задума ў аспэкце замаху на асабістую свабоду. Думаю, што ў надзвычайных абставінах разумныя крокі цалкам дарэчныя. Але мяне зьлёгку трывожыць сачэньне за людзьмі, калі яно працягваецца доўгі час.

Біл Гейтс трывае гэтыя нападкі даволі стрымана. Нядаўна ён даваў інтэрвію кітайскаму тэлеканалу CCTV. Яго спыталі пра тэорыі змовы, зьвязаныя зь яго імем.

— Іронія палягае ў тым, што гэта кажуць пра тых, хто ўкладвае мільярды даляраў у інструмэнты барацьбы з інфэкцыйнымі хваробамі і сапраўды імкнецца вырашыць праблему ў шырокім маштабе, у тым ліку праблему такіх захворваньняў, якія могуць прывесьці да пандэміі. Мы знаходзімся ў варʼяцкай сытуацыі, і таму распаўсюджваюцца варʼяцкія чуткі.

У інтэрвію Бі-бі-сі Біл Гейтс сказаў, што вакцына супраць цяперашняга каранавірусу будзе створаная праз паўтара года, можа быць, крыху раней. Каб паскорыць працэс, давядзецца ахвяраваць бясьпекай пацыентаў пры клінічных выпрабаваньнях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG