Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нож мой толькі для цябе». Лідэрка расейскага рок-гурту Pussy Riot — пра хатні гвалт


Надзея Талаконьнікава
Надзея Талаконьнікава

Новы запіс расейскага панк-гурту Pussy Riot зь песьнямі «Нож» і «Яна» прысьвечаны жанчынам, якія сталі ахвярамі гвалту і цкаваньня.

«Усё вар’яцтва, прыніжэньне і гвалт, што твораць у цябе дома, ты перажываеш сам-насам са сьценкай. І вінаватай адчуваеш пры гэтым сябе ты сама. І калі ты нарэшце з гэтага выбіраесься, табе хочацца крычаць пра тое, што ты перажыла. Каб іншыя хутчэй распазнавалі таксычных партнэраў (ці сяброў) і ад іх уцякалі. Зь любові да сябе і да свайго жыцьця» — кажа лідэрка Pussy Riot Надзея Талаконьнікава.

У інтэрвію Радыё Свабода яна расказала, як сама сутыкнулася з хатнім гвалтам.

— Вашы новыя песьні прысьвечаныя сэксісцкаму гвалту і адпору, які павінен атрымаць гвалтаўнік. Але яны не гучаць агрэсіўна. Песьня «Нож» мэлянхалічная, яна не гучыць як заклік да нападу.

— Я вельмі люблю гуляць на кантрастах. Калі тэкст песьні дастаткова агрэсіўны, жорсткі, то я люблю рабіць музыку мяккай. У абедзьвюх песьнях гэтага сынглу ўсё заканчваецца тым, што жанчына забівае крыўдзіцеля. Я сьпяваю ў гэтых песьнях пра тое, што я яго забʼю, але калі вы паказваеце ў кліпе забойства, то, хутчэй за ўсё, гэта будзе ня вельмі выйгрышна. Я гэтак жа адчуваю музыку. Калі б мы сьпявалі пра забойства і выбралі б мэтал, мы паступілі б так, як рабілі да нас тысячы музычных гуртоў. А я люблю спалучаць тое, што звычайна ня вельмі спалучаецца, таму мы выбралі такі саўнд.

— Мы часта публікуем артыкулы пра хатні гвалт, і тут, здавалася б, ня можа быць дзьвюх думак. Але кожны раз зьяўляюцца абураныя чытачы і нават абураныя чытачкі, якія пішуць, што гэта выдумкі фэміністак, а праблемы хатняга гвалту ў Расеі няма. Ня ведаю, як патлумачыць гэты фэномэн. Што вы маглі б сказаць людзям, якія лічаць, што гэта выдуманая праблема?

— Ім вельмі пашанцавала ў жыцьці. Гэта крута — лічыць, што няма такой праблемы. Значыць, яна вас абмінула. Я вас віншую, зусім шчыра, безь якой-небудзь іроніі. Гэта такая ўласьцівасьць чалавечай псыхікі — экстрапаляваць, зыходзячы са свайго досьведу. Калі вас нешта не кранула, то вы думаеце, што, хутчэй за ўсё, гэта не кранула і іншых людзей. Як правіла, статыстыка выглядае як сухія лічбы: пакуль яна не кранула нас ці кагосьці, каго мы любім, мы думаем, што гэта выдумкі.

Я думаю, што ў гэтым выпадку варта паслухаць гісторыі рэальных ахвяр хатняга гвалту, зразумець, што яны такія ж людзі, як і вы, але ім крыху менш пашанцавала. У адрозьненьне ад вас, яны сутыкнуліся з гэтай праблемай, некаторыя выйшлі зь яе пакалечанымі, напрыклад, як Маргарыта Грачова, якой муж з рэўнасьці адсек рукі.

Яшчэ адна прычына, чаму людзі могуць меркаваць, што ў нас перабольшаная сытуацыя з хатнім гвалтам: эмацыйны гвалт у нас у краіне да гэтага часу ня лічыцца гвалтам, што досыць дзіка. Мне самой даводзілася сутыкацца з эмацыйным гвалтам шмат разоў — і ў турме, і ў адносінах. Я разумею, што гэты гвалт траўмуе цябе не фізычна, але пакідае псыхалягічныя шнары. Вы ня можаце потым давяраць людзям, адкрывацца ім на працягу некалькіх гадоў, пасьля таго як з вамі здарылася сытуацыя эмацыйнага гвалту.

Усе гэтыя выпадкі эмацыйнага гвалту, вядома ж, ніколі не даходзяць да паліцыі, бо паліцыя сьмяецца нават зь фізычнага гвалту, кажа: калі вас забʼюць, тады і прыходзьце. Уяўляеце, што расейскія мянты скажуць, калі вы прыйдзеце да іх і скажаце, што муж цкуе вас псыхалягічна? Яны проста пасьмяюцца вам у твар.

— Вы расказваеце ў камэнтары да песьні, што ў вас была такая экстрэмальная сытуацыя хатняга гвалту. Гэта даўняя гісторыя?

— Гэта здарылася некалькі гадоў таму і доўжылася паўтара года. Былі ўсе чырвоныя сьцяжкі перада мной — экстрэмальная рэўнасьць, жаданьне кантраляваць абсалютна ўсё, што я раблю, чытаньне маіх перапісак, нават фізычнае ўтрыманьне. Праблема эмацыйнага гвалту заключаецца ў тым, што ваш гвалтаўнік дзейнічае вельмі тонка, праз комплекс жалю і пачуцьцё віны ў адносінах да яго. Прамога прымусу ня так шмат. Хутчэй гэта выглядае прыкладна так: не выходзь сёньня на вуліцу, таму што, калі ты выйдзеш, мне будзе балюча. Не сустракайся з гэтым чалавекам, таму што зробіш мне нязручнасьць.

Прыкладна так мяне ўтрымлівалі на кароткім ланцужку паўтара года. Таму я цяпер кажу сваім сяброўкам-фэміністкам, што да такога тыпу гвалту схільныя ў першую чаргу менавіта жанчыны, якія сябе лічаць моцнымі, гатовымі справіцца з чым заўгодна і адказваць за пакуты ўсяго сьвету. Таму я ўсім цяпер урачыста заяўляю: не забывайце, што вашыя пачуцьці — на першым пляне. Калі вас абвінавачваюць у абсалютна ўсіх сварках і непрыемных сытуацыях, якія ў вас з кімсьці адбываюцца, уцякайце ад гэтага чалавека, таму што такога быць ня можа. Адзін з партнэраў або сяброў ня можа быць вінаваты абсалютна ва ўсім, што адбываецца.

— Хто-небудзь пачуе гэтую гісторыю і скажа: але ж гэта ж сапраўднае каханьне, чалавек ня можа безь цябе жыць, таму так сябе паводзіць.

— У дачыненьні да эмацыйнага гвалту гаворка не ідзе пра каханьне. Насамрэч гэта каханьне не да вас, а да кантролю над вамі. Гвалтаўнік сілкуецца тым, што кантралюе кожны ваш крок. Часьцей за ўсё эмацыйнымі гвалтаўнікамі робяцца людзі зь вельмі нізкай самаацэнкай. Для іх адзіная магчымасьць адчуць сябе лепш — гэта прынізіць вас, прымусіць вас адчуць сябе поўнай нікчэмнасьцю. Іх задача — увесь час высьмейваць вас, казаць пра тое, што ў вас няправільны стыль, вы няправільна апранаецеся, а вашыя сябры — поўны адстой. Калі вам гэта кажуць кожны дзень, то празь нейкі час вы пачынаеце думаць, што адзіны чалавек, які можа быць з вамі, таму што вы такая нікчэмнасьць, — гэта ваш гвалтаўнік.

І вы пачынаеце верыць у тое, што гэта каханьне, таму што нікога іншага і ня бачыце, бо вас прынізілі настолькі, што вы больш не жадаеце выходзіць з дому. Галоўнае, што адрозьнівае гэта ад каханьня, акрамя ўсёй тэорыі, апісанай вышэй, — гэта тое, што вы адчуваеце сябе кепска. Бо самае важнае — як вы сябе адчуваеце. Калі вы адчуваеце, што сталі ценем сябе ранейшага, вы не такі моцны, як раней, не такі крэатыўны, дэградуеце ў прафэсіі, ня робіцеся лепшым, — то, хутчэй за ўсё, гэта не каханьне. Таму што каханьне — гэта тое, што нас жывіць і робіць лепшымі.

— Ёсьць яшчэ адзін удзельнік гэтага складанага канфлікту паміж двума людзьмі — дзяржава, якая вельмі павольна распрацоўвае законапраект аб хатнім гвалце. І ў гэтага законапраекту ёсьць сурʼёзны апанэнт — Расейская праваслаўная царква, якая лічыць, што такі закон пагражае «сямейным каштоўнасьцям». Ваша стаўленьне да Расейскай праваслаўнай царквы за гады, якія прайшлі пасьля знакамітага панк-малебну, зьмянілася?

— Паколькі стаўленьне Расейскай праваслаўнай царквы да жанчын, а таксама да ЛГБТ-супольнасьці не памянялася, то маё стаўленьне да Расейскай праваслаўнай царквы таксама не памянялася. Кожны раз, калі я чую пра тое, што РПЦ абараняе сямейныя каштоўнасьці, мне хочацца спытаць яе: якія менавіта сямейныя каштоўнасьці вы абараняеце, калі ня хочаце прымаць закон аб хатнім гвалце? Ці абараняеце вы забойства жанчын, ці абараняеце вы пакалечаныя лёсы, ці абараняеце скалечаную псыхіку дзяцей, якія растуць у сытуацыі хатняга гвалту, а часам робяцца сіротамі праз гэта? Пра якія каштоўнасьці ідзе гаворка? Што Расейская праваслаўная царква кажа наконт гэтага?

— Мабыць, пра тыя каштоўнасьці, якія выкладзеныя ў кнізе «Домострой».

— Мне цікава, якое дачыненьне хрысьціянская рэлігія мае да кнігі «Домострой». Мне заўсёды было цікава перавызначаць каштоўнасьці рэлігіі. Натуральна, я не займаю ніякіх пасадаў у РПЦ, але як частка паствы, да якой яны зьвяртаюцца, я думаю, што маю права сказаць сваё слова. Думаю, што Расейскай праваслаўнай царкве даўно ўжо варта прыслухацца да таго, што адбываецца ў сучасным сьвеце, да таго, якія каштоўнасьці ў людзей, якім яна спрабуе служыць.

Я думаю, што сапраўды гэтак жа, як і расейскай дзяржаве, РПЦ варта пэрыядычна ўспамінаць, што ўсё ж такі гэта яны служаць нам, людзям. Усё ж такі гэта інстытуцыя, якая прызначаная для таго, каб рабіць нашае жыцьцё лепшым. У РПЦ і расейскай дзяржавы ёсьць адна агульная рыса: яны забываюцца і пачынаюць уяўляць сябе нашымі начальнікамі. На мой погляд, царква мае права на існаваньне як супольнасьць, куды чалавек прыходзіць, калі яму кепска, і там яму дапамагаюць. Дзяржава мае права на існаваньне, таму што гэта інстытуцыя, якая дапамагае нам пераразьмяркоўваць даходы, дае бясплатную мэдыцыну, адукацыю, клапоціцца аб інфраструктуры, аб дарогах, вакзалах, аэрапортах. Гэта людзі, якія служаць нам. Але зусім ня так у сучаснай Расеі.

Я думаю, што мая задача — нагадваць, што вы, РПЦ і дзяржава, — слугі народу. Калі мы прыйшлі ў храм Хрыста Збавіцеля, мы да гэтага шмат думалі пра тое, што здарылася з каталіцкай царквой, якая спрабавала прыстасавацца да каштоўнасьцяў зьменлівага сучаснага сьвету. З РПЦ гэтага не адбылося, хоць філёзафы, палітыкі і прадстаўнікі царквы на пачатку ХХ стагодзьдзя абмяркоўвалі, як зрабіць РПЦ больш рэлевантнай. Прайшло больш за сто гадоў, але гэтага так і не адбылося, РПЦ цытуе нам «Домострой» або пастановы сабору XVI стагодзьдзя, як наш судзьдзя. Я думаю, што РПЦ варта памяняць сваю думку і пачаць прапагандаваць фэмінізм і правы ЛГБТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG