Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюджэт у 1-м квартале недалічыўся 350 мільёнаў рублёў


Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас

У бюджэт Беларусі праз падзеньне аб’ёмаў нафтаперапрацоўкі і зьніжэньне экспарту калійных угнаеньняў у першым квартале 2020 году недапаступіла каля 350 мільёнаў беларускіх рублёў, паведаміў прэмʼер-міністар Сяргей Румас на пасяджэньні Савета міністраў 12 траўня, піша Інтэрфакс.

Паводле Румаса, у сувязі з рэцэсіяй у сусьветнай эканоміцы «год будзе дастаткова складаным з пункту гледжаньня магчымасьці бюджэту фінансаваць капітальныя выдаткі».

Пандэмію каранавірусу Румас назваў «адной з асноўных рызык, якія ўплываюць на эканоміку краіны». «Закрыцьцё межаў краінамі-суседзямі з прычыны пандэміі адбілася, у першую чаргу, на сфэры паслуг. Зьніжэньне коштаў на сыравінных рынках, дэвальвацыя расейскага рубля паўплывалі на працу машынабудаўнічай галіны», — канстатаваў Румас.

Пры гэтым, на яго думку, нягледзячы на каранавірус і зьнешнія нэгатыўныя фактары, сытуацыя ў эканоміцы Беларусі ў студзені — сакавіку «была кіраванай». ВУП краіны зьнізіўся ў першым квартале на 0,3%, але сальда зьнешняга гандлю Беларусі заставалася станоўчым, у асноўным, за кошт росту экспарту паслуг. Падтрымалі станоўчую дынаміку эканомікі Беларусі ў І квартале сэктар інфармацыі і сувязі, будаўнічыя галіны і сельская гаспадарка, адзначыў прэмʼер.

На 2020 год беларускія ўлады спачатку заплянавалі рост ВУП на 2,5%, але пасьля крытыкі Лукашэнкі павялічылі гэтую лічбу да 2,8%. Бюджэт на 2020 год разьлічылі на рост ВУП усяго на 1,9%. Паводле прагнозу Ўсясьветнага банку, беларускі ВУП за 2020 год вырасьце на 0,9%, за 2021 і 2022 — на 0,5% за год. МВФ прагназуе рост у 2020 годзе ўсяго на 0,3%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG