Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падначаленыя генэрала Караева могуць знайсьці Крыж Эўфрасіньні. Калі ім правільна загадаць


Перад судом над журналістам Свабоды Алесем Асіпцовым. 11 траўня 2020 году

У Магілёва асудзілі журналіста Алеся Асіпцова на 10 сутак — ён здымаў акцыю праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Нічога, здавалася б, новага. За гады праўленьня Лукашэнкі за сваю прафэсійную дзейнасьць былі пакараныя сотні журналістаў.

Нічога новага і ў тым, што сьведкамі на працэсе Асіпцова выступалі міліцыянты.

Незвычайна вось што. Сьведкі-міліцыянты сказалі, што ня памятаюць, ці быў Асіпцоў у масцы, ці ня быў, але адзначначна вызначылі, што гэта ён. Што азначае — нават калі ён быў ў масцы, яны запомнілі ягоны твар.

Пазнаць нават знаёмага чалавека ў масцы няпроста. Значыць, магілёўскія міліцыянты здольныя бачыць скрозь матэрыю.

Я думаю, што такія людзі, — гэта нацыянальны здабытак. Бо чалавек, здольны бачыць праз матэрыю, перакананы, пры пэўнай трэніроўцы здолее бачыць і скрозь сьцены, і скрозь прастору, скрозь адлегласьць і скрозь час.

І пакуль да магілёўскіх міліцыянтаў, як да Вангі, не вырасла чарга, я хачу скарыстаць сваё службовае становішча журналіста і наўпрост зьвярнуцца да міністра ўнутраных спраў генэрала Караева.

Юрый Хаджымуратавіч, Вы маеце цудоўны шанец увайсьці ў гісторыю Беларусі, калі загадаеце сваім падначаленым адказаць на пытаньне, якое вось ужо амаль восем дзесяцігодзьдзяў не дае спакою гісторыкам, пісьменьнікам, культуролягам, мастацтвазнаўцам, архівістам, дыпляматам, палітыкам.

Дзе знаходзіцца Крыж Эўфрасіньні Полацкай?

Толькі не прысьпешвайце, хай сканцэнтруюцца. А то яшчэ ў жаданьні як хутчэй выканаць загад міністра скажуць, што крыж узялі «нячэсныя журналісты».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG