Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі вырак у «справе мэдыкаў», дзе фігуруе 620 тысяч даляраў у гаражы


Фігуранты справы мэдыкаў. 2019 год
Фігуранты справы мэдыкаў. 2019 год

11 траўня ў Менскім гарадзкім судзе абвясьцілі прысуд у адной з карупцыйных справаў мэдыкаў. Яе разгляд адбываўся ў закрытым рэжыме.

Як паведамляе БелаПАН, былога гендырэктар УП «Белмэдтэхніка», 46-гадовага Аляксандра Шарака, прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 430 КК і прыгаварылі да 6,5 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пазбаўленьня права займаць кіроўныя пасады на працягу 5 гадоў.

Былы начальнік аддзелу рэалізацыі «Белмэдтэхнікі» Кірыл Кастрыцкі прызнаны вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 430 і прыгавораны да 3 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён пазбаўлены права займаць кіроўныя пасады на працягу 3 гадоў. Кастрыцкі знаходзіўся пад хатнім арыштам і быў узяты пад варту ў залі суду.

Чатыры прадстаўнікі камэрцыйных структур прызнаныя вінаватымі ў даваньні хабараў і замаху на даваньне хабару. Ільля Карповіч атрымаў 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Яўген Волкаў – 2 з паловай гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, Аляксандар Юсаў і Барыс Ранчынскі – па два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Ключавы фігурант — былы генэральны дырэктар прадпрыемства «Белмэдтэхніка» Аляксандар Шарак. У чэрвені 2018 году апэратыўнікі Камітэту дзяржбясьпекі знайшлі ў ягоным гаражы звыш 620 тысяч даляраў.

Разам з Аляксандрам Шаракам на лаве падсудных ягоны былы падначалены Кірыл Кастрыцкі, які займаў у «Белмэдтэхніцы» пасаду начальніка аддзелу рэалізацыі. Яго абвінавачваюць у злачынствах, прадугледжаных ч. 1 і ч. 2 арт. 430 (атрыманьне хабару). Астатнія фігуранты — прадстаўнікі бізнэсу, іх таксама падазраюць у хабарніцтве.

Разгляд справы мусіць даць адказ на тое, як апошняе дзесяцігодзьдзе ажыцьцяўляліся дзяржзакупкі ў сыстэме Міністэрства аховы здароўя — менавіта праз «Белмэдтэхніку» адбывалася 90% усіх паставак.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG