Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хопіць уводзіць людзей у зман». Дачка алімпійскага чэмпіёна напісала адкрыты ліст Лукашэнку


Ксенія Парфяновіч

Ксенія Парфяновіч, дачка алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча, накіравала адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю і жорстка крытыкуе захады кіраўніка краіны, якія тычацца сытуацыі з каранавірусам.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Народ мае права ведаць праўду пра колькасьць заражаных, пра небясьпеку СOVID-19, пра колькасьць ахвяраў, перакананая Ксенія Парфяновіч.

Ксенія Парфяновіч
Ксенія Парфяновіч

«Хопіць уводзіць людзей у зман заявамі пра тое, што Бог дапаможа, што трактар лечыць, што ўжываньне алькаголю дапамагае ў прафіляктыцы. Вывучыце паходжаньне і ўплыў вірусу. Раскажыце, чаму шпіталі і інтэрнаты цалкам пераводзяць пад людзей са станоўчым аналізам на COVID-19, калі, па Вашых словах, у нас нічога страшнага не адбываецца?» — піша ў лісьце да Аляксандра Лукашэнкі Ксенія Парфяновіч.

Ксеніі 23 гады, яна мэнэджэр па працы з кліентамі і валянтэрка ў дзіцячым госьпісе. Ліст Аляксандру Лукашэнку яна накіравала праз афіцыйны партал — там ёсьць функцыя «звароты грамадзян».

Ксенія сказала Свабодзе, што яна ня хоча атрымаць звычайную адпіску, што, маўляў, «ліст атрыманы, усе захады выконваюцца».

«Мне гэта нецікава. Я хачу атрымаць адказы на свае пытаньні. Грамадзяне краіны маюць права ведаць праўду. Я хачу, каб кіраўнік дзяржавы даў свайму народу сумленную, аб’ектыўную інфармацыю, а не заніжаную статыстыку», — кажа Ксенія.

«Мой ліст прашу лічыць афіцыйнай заявай, на якую я чакаю адказу з паўнавартаснымі тлумачэньнямі прычын адмовы ад карантыну, прадстаўленьнем дакладнай колькасьці станоўчых першасных тэстаў на момант адказу на дадзены зварот, а таксама абгрунтаваньнем вашых заяў аб нетрадыцыйных мэтадах лячэньня (Бог, трактар, алькаголь)», — піша Ксенія Парфяновіч у сваім звароце да Лукашэнкі.

Дзяўчына кажа, што яе сям’ю, блізкіх і сяброў каранавірус пакуль не закрануў. Але яе малады чалавек працуе лекарам і правёў у самаізаляцыі 14 дзён, бо быў «кантактам першага ўзроўню» — у шпіталі, дзе ён працуе, захварэў калега.

«Шпіталі ўсе перапоўненыя, у 6-м шпіталі машыны хуткай дапамогі па 6 гадзін стаяць у чэргах, каб прынялі хворага. Карантын афіцыйна не абвешчаны, людзі ходзяць па горадзе бяз масак, дый тыя маскі, якія прадаюцца ў аптэках, не абараняюць — патрэбныя фільтры 3М, якіх няма ў продажы.

У іншых краінах, дзе своечасова быў уведзены карантын, эпідэмія ўжо пайшла на спад. А ў нас яшчэ далёка да піку. Калі не ўвядуць карантын, у верасьні пандэмія накрые ўвесь Менск.

Правядзеньне параду 9 траўня, адсутнасьць карантыну выглядаюць як наўмыснае зьнішчэньне нацыі з дапамогай пандэміі», — мяркуе Ксенія Парфяновіч.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG