Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 1 траўня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
- Міністэрства аховы здароўя Беларусі агучыла дадзеныя распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі паводле стану на 1 траўня. Згодна са статыстыкай ведамства, зарэгістравана 14 917 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Гэта значыць, прырост за суткі склаў 890 выпадкаў. Колькасьць памерлых дасягнула 93 чалавек, напярэдадні гэтая лічба была 89. Выпісаныя са шпіталёў, паводле Міністэрства аховы здароўя, 2918 пацыенты з раней пацьверджаным дыягназам COVID-19.
- Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» і Саюз беларускіх пісьменьнікаў выступілі з супольнай заявай адносна эпідэміялягічнай сытуацыі ў Беларусі. Яны заклікалі скасаваць парад 9 траўня.
- Мітрапалітам Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што адразу пасьля таго, як стала відавочна, што каранавірус распаўсюджваецца і ў Беларусі, Касьцёл прыняў адпаведныя меры і выдаў неабходныя рэкамэндацыі для сьвятароў і вернікаў: «Былі адменены такія маштабныя мерапрыемствы, як велікапоснае чуваньне і малітоўная сустрэча моладзі, якія звычайна зьбіраюць вялікую колькасьць удзельнікаў. Перанесены на пазьнейшы час урачыстасьці канфірмацыі і Першай Камуніі ў парафіях. Адменены біскупскія візытацыі і наведваньні парафій. Не праводзіцца катэхізацыя дзяцей у нядзельных школках».
- Міністар адукацыі Ігар Карпенка паабяцаў «атэставаць усіх школьнікаў». Тым часам на сайце Petitions.by працягваецца збор подпісаў пад зваротам «За адстаўку міністра адукацыі Ігара Карпенкі». У пэтыцыі заяўляюць, што міністар ня справіўся з выклікамі, якія ўзьніклі праз пандэмію каранавірусу.
- Група апазыцыйных палітыкаў заклікала працягнуць «народны карантын» да канца траўня ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. У звароце, які падпісалі Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч і кінарэжысэр Юры Хашчавацкі гаворыцца, што «„народны карантын“ павінен доўжыцца да таго часу, пакуль мы не адолеем успышку каранавірусу. Згодна з прагнозамі, частковае аслабленьне эпідэміі ў Беларусі магчымае ў чэрвені, калі мы працягнем прымаць адэкватныя меры».
- З моманту пачатку сусьветнай пандэміі COVID-19, Злучаныя Штаты вылучылі звыш 775 мільёнаў даляраў на надзвычайную мэдыцынскую, гуманітарную, эканамічную дапамогу больш чым 120 дзяржавам, а таксама міжнародным і няўрадавым арганізацыям для барацьбы з распаўсюджваньнем каранавірусу.
- Эўрапейскія краіны працягваюць паступова аслабляць карантынныя захады, уведзеныя ў сакавіку-красавіку ў сувязі з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі. У Аўстрыі з 1 траўня скасаваныя абмежаваньні на свабоднае перамяшчэньне. Пры гэтым загадана не зьбірацца групамі больш за 10 чалавек, а ў грамадзкіх месцах насіць ахоўныя маскі. У Чэхіі ўлады зноў перагледзелі графік адмены абмежаваньняў у бок зьмякчэньня. Ужо з 11 траўня дазволяць мерапрыемствы з удзелам менш за 100 чалавек, адкрыюцца тэатры і кінатэатры (колькасьць гледачоў будзе абмежаваная), а таксама гандлёвыя цэнтры і музэі. Карантынн пакуль не здымаюць у Вялікабрытаніі, дзе ён быў уведзены пазьней, чым у іншых эўрапейскіх краінах і дзе цяпер сутачныя тэмпы прыросту колькасьці хворых і сьмерцяў вышэй, чым у Францыі, Італіі і Гішпаніі.
- У анлайн-выбарах адзінага кандыдата ад апазыцыі перамог Мікалай Казлоў. Лідар АГП набраў у інтэрнэт-галасаваньні 39,8%. На другім месцы старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, на трэцім — Вольга Кавалькова, паведамляецца на сайце інтэрнэт-галасаваньня. Агулам у інтэрнэт-галасаваньні прынялі ўдзел больш за чатыры тысячы чалавек, хаця першапачаткова плянавалася, што прагаласуюць каля 100 тысяч.
- Швайцарыя не прэтэндуе на хакейны чэмпіянат сьвету-2021. Чэмпіянат сьвету ў хакеі з шайбай 2021 году пройдзе ў сталіцах Беларусі і Латвіі. Такая інфармацыя зьявілася на афіцыйным сайце Міжнароднай фэдэрацыі хакея.