Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і «прыдуркаватыя»


Чарнобыльскі шлях у Менску, 1989 год. З грамадзкага вэб-архіву «Вытокі» https://vytoki.net, фотаархіў Уладзіміра Сапагова
Чарнобыльскі шлях у Менску, 1989 год. З грамадзкага вэб-архіву «Вытокі» https://vytoki.net, фотаархіў Уладзіміра Сапагова

Лукашэнка назваў «прыдуркаватай» апазыцыю, якая дамагалася (і дамаглася) высяленьня дзясяткаў тысяч людзей з чарнобыльскіх раёнаў.

Хай бы ў 89-м Лукашэнка выступіў на Чарнобыльскім шляху, куды прыехалі людзі з Нароўлі, Веткі, Брагіна, Чэрыкава, якія прасілі іх уратаваць ад радыяцыі — хай бы тады, там, на Плошчы, Лукашэнка сказаў — «Вы, прыдуркаватыя! Навошта вы хочаце пакінуць гэтыя палі, гэтыя фэрмы? Назад, прыдуркаватыя, назад, у цэзій, назад, у стронцый, у плютоній, у амэрыцый!»

Думаю, што такі выступ Лукашэнкі быў бы апошнім ягоным выступам. І імя першага прэзыдэнта Беларусі было б іншым.

На пачатку 90-х, у гады нядоўгай свабоды, потым зьнішчанай Лукашэнкам, дэпутатам удалося на ўсю Беларусь распавесьці пра тое, што старанна прыхоўвалі ўлады.


Вось цытаты са стэнаграмы сэсіі Вярхоўнага Савету ў чэрвені 1991 году, вялася прамая радыётрансьляцыя, і выступы чула ўся Беларусь.

Дэпутат Рыгор Вячэрскі: «Быў дадзены загад зьмешваць брудныя і чыстыя тушы жывёлін у прапорцыях ад 1 к 10 да 1 к 1. Забруджанае мяса непрыхавана развозілася па рэспубліцы і краіне. Толькі са складу „Заходні“, што ў Смалявічах, які наведала наша камісія, дзясяткамі і сотнямі тон забруджанае радыянуклідамі мяса было адгружанае ў 55 пунктаў рэспублікі».

Дэпутат БНФ Барыс Гюнтэр: «Кіраўніцтва саўгасу „Веткаўскі“ ўтрымлівае дойны статак і бычкоў для адкорму ў кароўніках ліквідаваных вёсак і корміць іх сенам, гама-фон якога 200 мікрарэнтген на гадзіну, а самі кароўкі „сьвецяцца“ з узроўнем 80–100 мікрарэнтген на гадзіну».

Дэпутат БНФ Алесь Шут: «У Лагойскім раёне перапрацавалі радыяактыўнае мяса на заводзе мяса-касьцявой мукі і адправілі на корм скаціне. На зьверафэрмах саўгасу «Іскра», саўгасу «Коранскі» вырашчаныя норкі на радыяактыўных прадуктах. І відавочна «сьвецяцца» тыя шапкі і каўняры, якія пайшлі «ў народ». Толькі была «непрыемнасьць»: пасьля радыяактыўнага мяса пачалі нараджацца норкі-пачвары, і давялося ад такога корму адмовіцца».

Дэпутат БНФ Зянон Пазьняк: «Вось зьвесткі, таксама нідзе не апублікаваныя, пра захворваньні насельніцтва Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці... На ўлік па анкалягічных захворваньнях стала больш у два разы, сьмяротнасьць павялічылася ў 10 разоў. Сухоты — павялічыліся ў 10 разоў. Агульная сьмяротнасьць у горадзе павялічылася ў 5 разоў. Нараджальнасьць зьменшылася ў два разы. Інваліднасьць рабочых і служачых павялічылася ў 3 разы, калгасьнікаў — у 11 разоў. Прыроджаная паталёгія павялічылася ў 10 разоў. У 90-м годзе (званок сьпікера) у Веткаўскім раёне нарадзілася 326 чалавек...»

Дземянцей: «Я прашу прекратіть!»

Пазьняк: «...памерла 581...»

Дземянцей: «Прекраціць трансляцыю!»


І ўсё ж, хаця «прыдуркаватай» апазыцыі і адключалі мікрафоны, на пачатку 90-х гадоў Вярхоўны Савет прыняў пакет законаў, які прадугледжваў ня толькі высяленьне людзей, але і спыненьне сельгасвытворчасьці на забруджаных тэрыторыях.

Пры Лукашэнку многія палажэньні тых законаў былі адмененыя. Людзей пачалі вяртаць туды, дзе радыяцыя «нязначная».

Але — ці можа яна ўвогуле быць «нязначнай» для чалавека?

Вось што казаў акадэмік Васіль Несьцярэнка на III Зьезьдзе беларусаў сьвету ў 2001 годзе:

  • «Ужо пры ўзроўні 50 бэкерэляў на кіляграм ідзе паталёгія жыцьцёва важных органаў».
  • «Нават у Менску мы знаходзім дзяцей з назапашваньнем 700–800 бэкерэляў на кіляграм».
  • «90% дозы людзі набіраюць праз прадукты харчаваньня».

Лічбы, якія агучыў акадэмік Несьцярэнка, — вынік дасьледаваньняў прафэсара Юрыя Бандажэўскага; прафэсар ня мог агучыць іх сам, бо сядзеў у турме, і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, як і заходнія навукоўцы, лічылі ягонае зьняволеньне палітычна матываваным — высновы Бандажэўскага адносна ўплыву радыяцыі разыходзіліся з пазыцыяй уладаў.

Сёньня ніхто ня можа голасна — так, каб чула ўся Беларусь — запярэчыць ініцыятару вяртаньня людзей на «амаль чыстыя» тэрыторыі і вырабу на іх сельгаспрадукцыі. Якую потым будуць есьці — беларусы, і ня толькі.

Калі б у 91-м годзе дэпутат Лукашэнка ўважліва слухаў выступы дэпутатаў «прыдуркаватай» апазыцыі, у адным зь іх ён бы пачуў вынікі дасьледаваньняў прафэсара Пятраева — пра плютоній і прадукт ягонага распаду амэрыцый, патрапленьне адной часьцінкі якога ў лёгкія чалавека запускае мэханізм анкалягічнай хваробы.

Пэрыяд паўраспаду амэрыцыю — 433 гады.

Аляксандар Рыгоравіч ня можа скараціць гэты тэрмін ніякім дэкрэтам.

А вось скараціць чалавечыя жыцьці непрадуманымі рашэньнямі — можа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG