Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумны рэкорд: плюс 817 інфікаваных, ад COVID-19 памерлі 67, суботнік падчас пандэміі. Вынікі 25 красавіка


Польскі гуманітарны груз прывезьлі ў Горадню. Разгрузка гуманітарнай дапамогі
Польскі гуманітарны груз прывезьлі ў Горадню. Разгрузка гуманітарнай дапамогі

Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 25 красавіка.

  • Паводле Міністэрства здароўя, на раніцу 25 красавіка ў Беларусі зафіксавалі агулам 9590 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, 67 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй. Такім чынам, за дзень выявілі яшчэ 817 выпадкаў і прызналі яшчэ 4 сьмерці;
  • Сусьветная арганізацыя здароўя заявіла ў суботу ў рэгулярным навуковым аглядзе, што цяпер «няма доказаў», што людзі, якія ачунялі ад каранавірусу, абароненыя ад паўторнага заражэньня гэтай інфэкцыяй – нават калі маюць антыцелы супраць яе.
  • Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацьвердзіў намер прыняць новую Канстытуцыю. Гэтую заяву ён зрабіў у час суботніку, праведзеным у Беларусі нягледзячы на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя ўзмацніць «фізычнае дыстанцыяваньне; адкласьці спартовыя, рэлігійныя і культурныя захады; перавесьці школы, унівэрсытэты на дыстанцыйнае навучаньне».
  • Сваякам заслужанага артыста Беларусі Генадзя Забары, які мае каранавірус, адмаўляюць у правядзеньні тэстаў на COVІD-19.
  • Настаўніца Ганна Севярынец зьвярнулася да Міністэрства адукацыі з просьбай атэставаць вучняў, якія ў чацьвёртай чвэрці навучаюцца дома. Адкрыты ліст падпісалі больш за два дзясяткі настаўнікаў з розных гарадоў Беларусі. У сваім адказе міністэрства заявіла, што прыклад Ганны Севярынец, якую не пазбаўляюць працы і даюць вольна выказвацца і крытыкаваць уладу, «дэманструе гуманізм беларускай сыстэмы ўладных адносін, а не яе «нечалавечнасьць».
  • Фэдэральная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заклікала краіны ЭЗ паказаць, што «мы адзіныя», «мы пераадолеем страты і эканамічныя наступствы гэтага крызісу».
  • Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо папярэдзіў пра пагрозу касьмічнай праграмы Ірану і заклікаў усе дзяржавы сьвету падтрымаць працяг эмбарга ААН на звычайныя ўзбраеньні ў дачыненьні да Ірану, тэрмін дзеяньня эмбарга мінае ў кастрычніку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG