Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў суботнік садзіў дрэвы на Гомельшчыне


Лукашэнка з сынам Мікалаем садзіць дрэвы ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна падчас суботніку, 25 красавіка
Лукашэнка з сынам Мікалаем садзіць дрэвы ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна падчас суботніку, 25 красавіка

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў дзень рэспубліканскага суботніка працуе на пасадцы дрэў у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласьці, паведамляе БелТА.

Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндавала ўладам Беларусі ўзмацніць «фізычнае дыстанцыяваньне; адкласьці спартовыя, рэлігійныя і культурныя мерапрыемствы; перавесьці школы, унівэрсытэты на дыстанцыйнае навучаньне». Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы ў адказ працытавалі Аляксандра Лукашэнку, які сказаў: «Суботнік адбудзецца».

Дзяржаўнае агенцтва паведамляе, што Лукашэнка штогод у красавіку наведвае раёны, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

«Адраджэньню гэтых зямель заўсёды надаецца асаблівая ўвага і, улічваючы, што ў гэты раз паездка Прэзыдэнта супала з правядзеньнем у краіне рэспубліканскага суботніка, Аляксандр Лукашэнка вырашыў прыняць удзел у работах на тэрыторыі Нацыянальнага парка „Прыпяцкі“», — піша БелТА.

Тут для аднаўленьня ляснога масіву на плошчы ў паўтара гектара высадзяць некалькі тысяч саджанцаў хвоі з закрытай каранёвай сыстэмай.

Адзін з чатырох нацыянальных паркаў Беларусі — «Прыпяцкі» — разьмешчаны ў міжрэччы Прыпяці, Сьцьвігі і Ўбарці. Тут пад асаблівай аховай знаходзіцца амаль 190 тысяч га тэрыторыі і больш за трэць займае абсалютны рэзэрват дзікай прыроды.

Куды пойдуць грошы ад суботніку

Паводле БелТА, дзяржаўныя органы, мясцовыя ўлады, іншыя арганізацыі праводзяць суботнік на працоўных месцах або добраўпарадкоўваюць гісторыка-культурныя каштоўнасьці, тэрыторыі населеных пунктаў, рыхтуюць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лягеры да летняга сэзона.

Палова заробленых на суботніку сродкаў застаецца ў распараджэньні аблвыканкамаў і Менгарвыканкама. Іх абяцаюць накіраваць на падрыхтоўку дзіцячых лягераў да лета, добраўпарадкаваньне населеных пунктаў, а таксама аднаўленьне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, мэмарыяльных комплексаў.

Яшчэ 50 працэнтаў сродкаў пералічваецца Міністэрству фінансаў. Гэтыя сродкі ў роўных долях накіроўваюцца Нацыянальнаму мастацкаму музэю і Гомельскаму аблвыканкаму для рэканструкцыі брацкага пахаваньня на месцы спаленай вёскі Ала ў Сьветлагорскім раёне.

«Пры ўдзеле ў суботніку некамэрцыйных арганізацый грашовыя сродкі могуць пералічвацца ў памерах, вызначаных добраахвотна іх калектывамі», — піша БелТА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG