Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паплечнік Вацлава Гаўла раіў беларусам аб’яднацца з Расеяй


Масква
Масква

Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму».

Прачытаўшы агляд публікацыі ў францускай газэце «Le Monde» дваццацігадовай даўніны, прысьвечанай Беларусі, можна зрабіць выснову, што ў вышэйшых эшалёнах улады нічога не зьмянілася: вакол Лукашэнкі ёсьць «галубы» — тыя, хто выступае за пэўныя рэформы і пацяпленьне з Захадам, а ёсьць «ястрабы», якія прагнуць рэпрэсіяў.

А што зьмянілася ў самой Беларусі?

Канешне, узровень жыцьця. У 2000-м сярэдні месячны заробак быў 30 даляраў. Сёньня ён, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, складае 1213 рублёў 60 капеек, што роўна 492 далярам (дадзеныя на 24 красавіка).

Але публікацыя ў «Le Mond» толькі двума-трыма фразамі закранае эканамічную і сацыяльную тэму, а з большага прысьвечаная становішчу ў апазыцыі (што, трэба прызнаць, для такіх уплывовых газэт было, ды і застаецца, ня частай з’явай).

І вось тут ёсьць тое, што зьмянілася кардынальна. Гэта — стаўленьне да Масквы тых, каго дваццаць гадоў таму называлі «аб’яднанай апазыцыяй» (да яе, як вядома, не далучылася КХП-БНФ, якая выступала катэгарычна супраць кантактаў з Масквой).

Як вынікае з агляду, у 2000-м некаторыя апазыцыйныя палітыкі спадзяваліся на дапамогу Расеі і радаваліся, калі іх запрашалі на маскоўскія тэлеканалы ды «круглыя сталы».

Ды што казаць пра апазыцыю, калі і чэскі дысыдэнт, паплечнік Вацлава Гаўла, як можа ніжэй пераканацца чытач, раіў беларускім дэмакратам... аб’яднацца з Пуціным супраць Лукашэнкі, і «спадзявацца на захаваньне дастатковага сувэрэнітэту сваёй краіны ў новым саюзе».

Аўтар не наззывае прозьвішча дысыдэнта, ды яно і не істотнае — мне самому даводзілася не аднойчы чуць у Празе такія меркаваньні ад людзей, чыя адданасьць ідэям дэмакратыі не выклікала ніякіх сумневаў. Калі я слухаў такія разважаньні, ня верыў сваім вушам — і гэта кажуць людзі, якія клаліся пад савецкія танкі ў 68-м! Але, казалі яны, тады быў СССР, была КПСС, а цяпер — новая Расея! Яны верылі ў тое, што Расея будуе дэмакратыю. На жаль, сёньня яны ўжо не жывуць і ня могуць праверыць, у якой ступені спраўдзіліся іх чаканьні.

Трэба сказаць, што параду чэскага дысыдэнта апазыцыйныя лідэры праігнаравалі — у 2000-м годзе ніхто з тых, хто лічыў сябе дэмакратам, ужо не выступаў за аб’яднаньня хай сябе і з дэмакратычнай Расеяй (калі б такая існавала). Але пэўныя спадзяваньні на дапамогу Масквы былі.

Наступныя дваццаць гадоў паказалі, што расейскія дэмакраты, якія жорстка крытыкавалі антыдэмакратызм і антырынкавасьць Лукашэнкі, за вельмі рэдкім выключэньнем, рабіліся зацятымі імпэрцамі, калі ўздымалася пытаньне далучэньня Беларусі да Расеі.

Сёньня ад ілюзій адносна «дэмакратычнага ўплыву» на Беларусь з усходу пазбавіліся, здаецца, усе.

Сяржук Сокалаў-Воюш, эфір 28 красавіка 2000

Сёньняшні нумар уплывовай францускай газэты «Le Mond» выйшаў з артыкулам Наталі Нугайрэд «Апазыцыя пачынае спадзявацца, што Масква парве з рэжымам Лукашэнкі».

Як і раней, гадавіна чарнобыльскай аварыі дала магчымасьць апазыцыйным рэжыму Аляксандара Лукашэнкі сілам падлічыць колькасьць сваіх прыхільнікаў і вызначыць узровень агрэсіўнасьці сілаў правааховы. Сёлета 26 красавіка выглядала ня надта пагрозьліва: 10 тысячаў (паводле «Le Mond») маніфэстантаў не сутыкнуліся з браніраванымі аўтамабілямі і не адчулі небясьпечнай пэрспэктывы быць груба арыштаванымі, як гэта было 25 сакавіка, калі апазыцыя адзначала гадавіну першага абвешчаньня незалежнасьці Беларусі ў 1918 годзе.

Колькасьць супрацоўнікаў міліцыі, якія стаялі ўздоўж маршруту калёны, была нязначная. Затое на бліжэйшых вуліцах стаялі шматлікія аўтобусы зь міліцыянтамі. Сёй-той хацеў бачыць у гэтым уяўным памякчэньні сытуацыі сувязь зь нядаўнім візытам у Менск новага расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. На думку сьведкаў, ягоныя адносіны з Аляксандарам Лукашэнкам не вызначаюцца вялікай цеплынёй. Незалежная беларуская прэса пісала, што побыт спадара Пуціна ў Менску, які прыпыніўся тут па дарозе ў Лёндан, доўжыўся ўсяго 6 гадзінаў, пад час якіх не было «наўмысных камплімэнтаў», характэрных для часоў кіраваньня Барыса Ельцына.

У часе паездкі Пуціна суправаджаў «дараднік у эканамічных пытаньнях» Гэрман Грэф. Напрыканцы «трохгадзіннай гутаркі» Аляксандар Лукашэнка, вядомы прыхільнік плянавай эканомікі савецкага кшталту, паводле агенцтва БелТА, заявіў, «што ён выступае за існаваньне ў краіне розных формаў уласнасьці і лібэральнай эканомікі», якая, аднак, «ня мусіць разьвівацца бязладна». Ужо аднаго гэтага, — піша газэта «Le Mond», — было дастаткова, каб апазыцыя пачала спадзявацца, што «Пуцін парве з Лукашэнкам», які ад моманту абраньня на прэзыдэнта ў 1994 годзе, успрымаўся як інструмэнт расейскай палітыкі «ў блізкім замежжы», які скарыстаў сур’ёзную падтрымку ад кампаніі «Газпром» і прыйшоў да ўлады.

На думку аднаго старога чэскага іншадумцы, даўняга паплечніка цяперашняга прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла, «лепшай стратэгіяй для апазыцыі быў бы саюз з расейцамі супраць Лукашэнкі». Паводле ягоных словаў, Пуцін не хацеў бы ўскладняць сабе жыцьцё і займацца працэсам абʼяднаньня Расеі і Беларусі з такім непрадказальным і скандальным партнэрам, як Лукашэнка. У адпаведнасьці з гэтым сцэнаром беларуская апазыцыя магла б спадзявацца на захаваньне дастатковага сувэрэнітэту сваёй краіны ў новым саюзе. Гэткім чынам, Беларусь, заміж быць анэксаванай, пайшла б дарогай Фінлядыі — лічыць стары чэскі іншадумца, які, дарэчы, прыехаў у Менск, каб падтрымаць дэмакратаў у часе Чарнобыльскага Шляху.

Тэма «паўзучага аншлюсу» Расеі (якая мае 150 мільёнаў насельніцтва): у дачыненьні да Беларусі зь ейнымі 10-цю мільёнамі, актыўна і заклапочана абмяркоўваецца ў апазыцыйных колах Менску. Нядаўняе паведамленьне пра фармаваньне «абʼяднанага вайсковага кантынгенту» колькасьцю 300 тысячаў чалавек, які мусіць быць дыслякаваны на заходніх флянгах гэтага «саюзу», пацьвярджае думку, што дамовы, якія падпісваюць дзьве краіны цягам апошніх чатырох гадоў, ня ёсьць пустой балбатнёй.

Адзін з кіраўнікоў беларускай апазыцыі, кіраўнік Абʼяднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўбачыў прыкмету станоўчага стаўленьня Масквы да крытыкі Лукашэнкі ў тым, што яго (Лябедзьку) запрасілі да ўдзелу ў вядомай перадачы, якая трансьлюецца дзяржаўным расейскім каналам ОРТ, нягледзячы на тое, што пасол Беларусі неаднаразова патрабаваў ейнай забароны.

Між тым, беларуская апазыцыя (паводле «Le Mond») пакутуе на ўнутраныя рознагалосьсі. Місія АБСЭ ў Менску ўжо два гады прыкладае намаганьні каб пераадолець гэтыя рознагалосьсі і падштурхоўвае асноўных сяброў апазыцыі (такіх як Беларускі Народны Фронт, сацыял-дэмакраты і Абʼяднаная Грамадзянская партыя) да выпрацоўкі адзінай пазыцыі ў дачыненьні да парлямэнцкіх выбараў, якія пройдуць у кастрычніку сёлета.

Але, у той час як эканамічны крызіс працягвае паглыбляцца, а насельніцтва краіны ўсё больш і больш набліжаецца да жабрачага стану (сярэдні заробак на Беларусі 30 даляраў у месяц) наўрад ці варта спадзявацца, што Лукашэнка пагодзіцца выпрабаваць сваю ўладу ў часе гэтых выбараў. Зьнікненьне цягам году чатырох апазыцыянэраў можна ўважаць за прыкмету росту жорсткасьці палітыкі ўладаў. Тым ня менш, ёсьць думка, што рэжым не такі ўжо ў маналітны. У прэзыдэнцкай адміністрацыі існуюць дзьве процілеглыя плыні. Прадстаўнікі адной выказваюцца за мінімум сустрэчных крокаў у бок аднаўленьня краіны і атрыманьня крэдытаў (гэтая тэндэнцыя існуе ў міністэрства замежных справаў). Прадстаўнікі іншай плыні ў асобе кіраўніка Нацыянальнага Савету Бясьпекі, выступаюць за жорсткі рэпрэсіўны курс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG